Тамару Шчапёткіну чакаюць у Бярозаўскай пракуратуры
Грамадскую актывістку і праваабаронцу з Бярозы Тамару Шчапёткіну сёньня выклікаюць у якасьці сьведкі ў Пракуратуру Бярозаўскага раёна. 24 лістапада яна атрымала позву з пракуратуры і патэлефанаваўшы туды, пацікавілася пра мэты выкліку. Ёй паведамілі, што позва тычыцца працы ў неакрэдытаваных на Беларусі сродках масавай інфармацыі, што расцэньваецца як пазазаконная дзейнасьць.
Нагадаем, што за апошні час Тамару Шчапёткіну затрымлівалі некалькі разоў. У прыватнасьці, яе затрымалі на акцыі “Сьвечка памяці”, якая ладзілася ў Бярозе 26 красавіка да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзе яна выконвала свае журналісцкія абавязкі. Тады ёй было вынесенае адміністратыўнае пакараньне ў выглядзе вуснага папярэджаньня за «парушэньне грамадскага парадку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства». (ч.1 арт. 23.34 КаАП).