Супрацоўнікаў СІЗА, якія забілі вязня, пачалі шукаць?
Генпракуратура дала загад шукаць кантралёраў з бабруйскага следчага ізалятара, якія восем гадоў таму збілі да смерці вязня Дзяніса Клімачова, што адбываў пакаранне за нявыплату аліментаў. Гэтая гучная крымінальная справа некалькі разоў распачыналася і закрывалася. Алена Абрамовіч, сястра памерлага ў 2001 годзе Дзяніса Клімачова, дайшла са скаргамі да Генеральнай пракуратуры і Вярхоўнага суда. І гэта дало вынік.
“Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь дадзены загад пракурору Магілёўскай вобласці прыняць вычарпальныя меры па далейшым расследаванні акалічнасцяў нанясення Клімачову Д. А. цялесных пашкоджанняў”, — пазначана ў паведамленні з Генпракуратуры да Алены Абрамовіч, якое датуецца 20 лістапада.
Няўжо кантралёраў, якія ў студзені 2001 года збілі Дзяніса да смерці, пачнуць шукаць?
Нагадаем, 29-гадовага Дзяніса змясцілі ў бабруйскае СІЗА на месяц за нявыплату аліментаў. Былі цяжкія часы, мужчына згубіў працу, адпаведна цягам некалькіх месяцаў не меў, чым выплачваць аліменты.
“У СІЗА-5 горада Бабруйска Дзяніс прабыў усяго тыдзень, затым мы атрымалі тэлеграму пра тое, што Дзяніс памёр, — распавядае Еўрарадыё сястра Алена Абрамовіч. — Лічу, што супрацоўнікі СІЗА забілі Дзяніса да смерці, гэта даказвалі цялесныя пашкоджанні, якія візуальна былі бачныя на трупе. Гэта былі шматлікія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе ранак, гематом, кровападцёкаў, пералом косткі носа, сямі рэбраў…”.
Кантралёрам СІЗА, якія білі Дзяніса, амаль удалося цалкам пазбегнуць пакарання.
“Першапачаткова супрацоўнікі пракуратуры імкнуліся закрыць крымінальную справу. Яны ўстанавілі, што цялесныя пашкоджанні Дзяніс…нанёс сабе сам, — працягвае расказваць пра расследаванне Алена Абрамовіч. — Што, знаходзячыся ў камеры, ён рукамі, нагамі, галавой сам біўся аб сцены камеры, і такім чынам утварыліся гематомы. І ў 2002 годзе справа была закрытая”.
Тым не менш высветлілася, што камера, дзе ўтрымліваўся Дзяніс Клімачоў, была абшытая гумай, нанесці сабе такія цяжкія цялесныя пашкоджанні было немагчыма. А Алена Абрамовіч працягвала пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, звярнулася да журналістаў.
Загаварыў і начальнік медыцынскай службы, якога асудзілі за неаказанне своечасовай медыцынскай дапамогі.
Алена Абрамовіч: “Былы начмед Пугач адказаў: “Я не ведаю. Ведаеце, як гэта бывае — можа, у прыбіральню прасіўся, можа, непакоіў іх чымсьці, а, можа, проста так, ім не было чаго рабіць”.
Скаргі працягваліся, і гэта зноўку дало плён, паводле факту збіцця вязня была распачатая новая крымінальная справа ў дачыненні да “нявыяўленых асобаў”, якія збівалі Дзяніса Клімачова.
Алена Абрамовіч: “Таксама ў пракуратуры Магілёўскай вобласці была распачатая справа ў дачыненні да “нявыяўленых асобаў”. Я лічу, што гэты крок пракуратуры быў фармальны, яны прыкрылі сябе, нібыта правялі працу. Абараняючы гонар мундзіра, яны не тое што не выявілі гэтых людзей, яны нават не паспрабавалі іх выявіць. Іх прозвішчы вядомыя: следчы ізалятар — гэта не прахадны двор, пабочныя асобы на паверх не падымуцца, і маецца дакладны, абмежаваны спіс асобаў, якія маглі адчыніць камеру, дзе ўтрымліваўся Дзяніс”.
Можна меркаваць, што настойлівая пазіцыя Генпракуратуры ў пытанні выяўлення кантралёраў, якія збілі вязня, прывядзе да канчатковага расследавання гэтай гучнай крымінальнай справы.
Ужо вядома прозвішча чалавека, які адчыняў камеру Дзяніса Клімачова. Гэта кантралёр Мазгавой. Суд Глускага раёна год таму асудзіў гэтага чалавека паводле артыкулу “бяздзеянне службовай асобы”, але пакарання кантралёр не панёс з-за “сканчэння тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці”.
Генпракуратура падрыхтавала ў Вярхоўны суд пратэст, які тычыўся несправядлівага пакарання, але ён не быў задаволены. Тым не менш журналісты даведаліся пра некаторыя акалічнасці смерці Дзяніса Клімачова.
“Сумесна з нявыяўленымі супрацоўнікамі СІЗА-5 Мазгавой вывеў асуджанага Клімачова ў калідор, дзе яго збілі нявыяўленыя супрацоўнікі СІЗА-5”, — напісана ў пратэсце, які Генпракуратура падала ў Вярхоўны суд.
Не выключана, што Мазгавой і на гэты раз будзе адным з асноўных фігурантаў новай крымінальнай справы.