Сябра БСДП (НГ) з Оршы Алег Кавалеўскі быў вымушаны звольніцца з працы. Перад ім быў пастаўлены ўльтыматум: ці адмаўляцца ад удзелу ў выбарах і выходзіць з партыі, ці развітацца з працай.
Як паведаміла прэс-служба БСДП (НГ), у Выканаўчым Бюро Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) падведены вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Усяго сябры БСДП (НГ) будуць змагацца за 119 мандатаў у Саветах рознага ўзроўню – ад пасялковых да абласных. Вылучэнне кандыдатаў ажыццяўлялася рознымі спосабамі. Ініцыятыўнымі групамі грамадзян шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў вылучаліся 117 сацыял-дэмакратаў. З іх зарэгістравана 83. Партыйнымі камітэтамі БСДП (НГ) вылучаліся 103 прэтэндэнты, зарэгістравана – 69. Пры гэтым значная частка партыйцаў вылучалася абодвума спосабамі адначасова.
Сёння стала вядома пра чарговы выпадак пераследу за палітычную дзейнасць сябра БСДП (НГ). У Оршы мусіў звольніцца з працы супрацоўнік аб’яднання “Ахова” кандыдат у дэпутаты гарадскога Савета Алег Кавалеўскі. Кіраўніцтвам аб’яднання яму быў пастаўлены ультыматум – ці адмаўляцца ад удзелу ў выбарах і выходзіць з партыі, ці развітацца з працай. А. Кавалеўскі зрабіў выбар сыходзячы са сваёй грамадзянскай пазіцыі.