22 кастрычніка ў Менску адбылася канфэрэнцыя “Новае заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі: досьвед уплыву на прыняцьцё палітычных рашэньняў у Беларусі”.
Канфэрэнцыя была прысьвечаная вынікам рэалізацыі чарговага этапу кампаніі па прасоўваньні інтарэсаў грамадзкіх аб’яднаньняў у 2004-2005 гадах. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, якія былі заангажаваныя ў кампанію “Наша Салідарнасьць”.. Прысутныя азнаёміліся з вынікамі зваротаў да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга скліканьня з папярэдне абмеркаванымі і ўзгодненымі прапановамі па зьмяненьні заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі. Гэтыя звароты былі накіраваныя ўсім дэпутатам ніжняй палаты парлямэнту і датычылі пазыцыі грамадзкага сэктару ў дачыненьні да Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, новая рэдакцыя якога разглядалася парлямэнтам увесну гэтага году.
Усе члены парлямэнту былі праінфармаваныя пра патрэбы НДА ў сфэры юрыдычнага рэгуляваньня “трэцяга сэктару”, пра эўрапэйскія стандарты ў гэтай галіне, пра існуючыя неабгрунтаваныя абмежаваньні ў беларускім заканадаўстве, што на практыцы перашкаджаюць свабоднаму разьвіцьцю грамадзянскай актыўнасьці. Шэраг дэпутатаў тады выказалі пазытыўнае стаўленьне да прапановаў грамадзкіх актывістаў і заявілі пра намер ініцыяваць абмеркаваньне гэтых прапановаў у часе сваёй заканатворчай дзейнасьці. Аднак гэты намер не знайшоў сваёй рэалізацыі: прапанаваны ўрадам праект новай рэдакцыі Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” быў прыняты ў надзвычайным рэжыме і з парушэньнем традыцыйнай парлямэнцкай працэдуры. Дэпутаты фактычна самаўхіліліся ад заканатворчай дзейнасьці па гэтым заканапраекце і прынялі яго без абмеркаваньня.
Такім чынам, спроба лабіяваньня інтарэсаў НДА праз грамадзкі ўціск на законатворцаў фактычна прывяла да адмоўнага выніку. Нягледзячы на тое, што выбаршчыкі зьвярталіся з патрабаваньнямі да сваіх дэпутатаў, тыя не зьвярнулі ўвагі на гэтыя прапановы і паставіліся нядбайна да свайго дэпутацкага абавязку. У зьвязку з гэтым, удзельнікі канфэрэнцыі, пасьля абмеркаваньня вынікаў нядаўняй радыкальнай рэформы заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях, канстатавалі практычную вычэрпанасьць дадзенага накірунку ўзьдзеяньня на прававое поле. Прагучала прапанова завяршыць кампанію “Наша Салідарнасьць” вынясеньнем грамадзкага вотуму недаверу дзеючаму складу парлямэнту.
Выказаныя на канфэрэнцыі думкі будуць даведзеныя да ведама Рабочай групы Асамблеі НДА Беларусі, якая павінна зацьвердзіць праграму завяршаючых дзеяньняў кампаніі “Наша салідарнасьць”, паведаміла прэс-служба Асамблеі.