БХД атрымала з пракуратуры адпіску ў адказ на скаргу на БТ
Беларуская хрысціянская дэмакратыя днямі атрымала адказ на сваю скаргу ў пракуратуру. Скарга тычылася з’яўлення на БТ абразлівага фільма, прысвечанага БХД.
Як распавёў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксей Шэін, пракуратура проста пераслала ліст, напісаны ў адказ на іх зварот да кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
Аляксей Шэін: “Мы накіравалі скаргу ў пракуратуру, а яны, відаць, перанакіравалі яе на БТ. А БТ адпісала адказ у такім стылі, што гэта, маўляў, наша права даваць такія каментары, якія мы даем, мы лічым, што каментар быў адэкватны. І на гэтым уся размова”.
Па словах Шэіна, адказ БТ не быў ніякім чынам пракаментаваны следчымі пракуратуры. І хутчэй, на гэтым “пракурорскае расследаванне” і закончана. Адзінае, кажа палітык, магчыма, будзе нейкі каментар ад Мінюста. Але яго чакаюць не раней, як 9-10 снежня. Менавіта ў гэтыя дні будзе 30 дзён з моманту падачы скаргі хрысціянскімі дэмакратамі — афіцыйна акрэслены тэрмін, калі па законе павінен быць дадзены адказ на зварот у дзяржструктуры.