У пікетаванні бярозаўскім актывістам адмовілі незаконна
Бярозаўскі райвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету 13 снежня актывістам Тамары Шчапёткінай і Сяргею Русецкаму.
Заяўнікі прасілі дазволу на распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў, прысьвечаных Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека шляхам пікетаваньня каля гарадской крамы “Тэхніка”.
У заяве пікетоўцы гарантавалі забяспечваць грамадскі парадак уласнымі сіламі, прадугледзець медыцынскую аптэчку. Гарантавалі яны і прыборку тэрыторыі пасьля правядзеньня пікету. Нават далучылі да заяўкі адпаведнае пісьмовае абавязацельства. Але менавіта гэтыя гарантыі і паслужылі адмовай у правядзеньні пікету, паколькі з адказу Бярозаўскага райвыканкама вынікае, што “вышэйуказаныя меры канкрэтна ня вызначаныя, што ставіць пад сумнеў наяўнасьць патрэбнага грамадскага парадку і кваліфікаванага медыцынскага абслугоўваньня.”
Па меркаваньні чыноўнікаў, каб правесьці нават інфармацыйны пікет з мінімальнай колькасьцю ўдзельнікаў – неабходна прадставіць адпаведныя дамовы з органамі аховы правапарадку, медыкамі і камунальнікамі, забываючыся аб тым, што прадугледжаная і такая форма, як пісьмовае абавязацельства заяўнікаў.
Праваабаронцы лічаць, што прычына, па якой Шчапёткінай і Русецкаму адмоўлена ў правядзеньні пікету, не ўтрымлівае юрыдычных норм і цалкам надуманая. У такім разе забеспячэньне права грамадзян на свабоднае выказваньне сваіх меркаванняў, у тым ліку шляхам пікетаваньня, у Беларусі практычна немагчымае.