Палітжаўнер Іван Шыла камісаваны рашэннем медычнай камісіі
У чацвер 3 снежня сябры сустракалі ў Менску палітжаўнера, які скончыў службу.
«Я хачу сказаць, што войска мне пайшло на карысць. Гэта выдатная сацыяльная школа, выдатная пляцоўка для нейкіх выпрабаванняў, камунікавання. У войску ты ўсё па іншаму бачыш і пераасэнсоўваеш. Разам з тым, сённяшняе войска не мае нічога супольнага з абароназдольнасцю краіны, гэта поўная фікцыя. За час службы ў войску я прачытаў паўсотні кніжак. Замест 4 разоў стаў падцягвацца 14, на выдатна», — кажа Іван Шыла.
Моладзевы актывіст з Салігорску Іван Шыла камісаваны рашэннем медычнай камісіі. 3 снежня скончыўся ягоны тэрмін службы. Усяго ў войску Іван прабыў больш за 10 месяцаў.
Прычына камісіі — моцная алергія, магчыма, на мясцовую ваду. Вайсковыя дактары палічылі, што Іван з такім захворваннем не можа працягваць службу.
Найбольш цешацца бацькі, брат і дзяўчына хлопца. Яны непакоіліся, што служба ў войску, закрыццё ў ізаляваным асяродку, могуць быць выкарыстаныя спецслужбамі для псіхалагічнага ламання аднаго з лідэраў Маладога Фронта.