У Клецку бізнэс вядомага ў горадзе актывіста дэмакратычнага руху Сяргея Панамарова пад пагрозай закрыцьця
Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сярей Панамароў ужо некалькі гадоў займаецца ў Клецку дробным бізнэсам. Ён кажа, што зьяўляецца адным з самых першых прадпрымальнікаў: “Вырабляю розныя драўляныя вырабы для патрэбаў насельніцтва Клецкага, Нясьвіскага і іншых раёнаў. Тут у нас кіраўнік раёну – “маленькі Аляксандр Рыгоравіч”. І вось ён узяўся за мяне. У мяне адабралі памяшканьне. Гэта памяшканьне знаходзілася на балянсе камунгаса, але ўласьнікам зьяўляецца Клецкі райвыканкам”.
Як паведаміў спадар Панамароў, у 2002 годзе Клецкі райвыканкам дазволіў яму арандаваць адно з памяшканьняў былой вайсковай часткі з наступным правам выкупу. Майстар-прадпрымальнік выплаціў грошы за памяшканьне, але з афармленьнем яго ва ўласнасьць улады не сьпяшаліся. І цяпер пры дапамозе гаспадарчага суду райвыканкам вырашыў выкінуць яго на вуліцу.
Сяргей Панамароў зьвязвае гэта з апазыцыйнай дзейнасьцю сваёй сям’і. Ён, жонка і сын – актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У райвыканкаме адмаўляюць сувязь паміж палітычнай дзейнасьцю клецкага прадпрымальніка і канфіскацыяй вытворчага памяшканьня. Намесьнік старшыні Аляксандр Рулькевіч сказаў Радыё Свабода: “Не такі ўжо і актыўны палітычны дзяяч Панамароў, як хацелася б думаць. Каб рабіць прадукцыю для раёна, яму патрэбна мець сэртыфікацыю. Але яе ў яго няма. Апошняя праверка дзяржстандарту засьведчыла, у мяне ёсьць даведкі, што выпускаемая ім мэбля не адпавядае стандартам”.
Аб'яднаная грамадзянская партыя зьбіраецца пратэставаць супраць неабгрунтаваных, на яе думку, дзеяньняў уладаў. Намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер гаворыць: “Уся справа ў тым, што Панамароў як прадпрымальнік там досыць інтэнсіўна разьвіваецца. Ён мае пэўны аўтарытэт як чалавек неабыякавы і, думаю, што, калі б у яго не было выразнай палітычнай пазыцыі, дык гэтыя пытаньні былі б вырашаныя дастаткова спакойна. А паколькі чалавек знаходзіцца ў жорсткай апазыцыі да дзеючай у Беларусі ўлады, дык было прынятае рашэньне яго пакараць. Пакараць яго можна было, прыватызаваўшы той аб’ект, які ён цалкам выкупіў”.