Астаповіч хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці “рэстаўратараў”
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвяртаецца да грамадзкасьці з чарговай канстатацыяй замаху на архітэктурны помнік Менска.
Па яго словах, у абыход рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады і без дазволу Міністэрства культуры, прадпрыемства “Мінская спадчына” спрабавала зруйнаваць будынак ХІХ стагодзьдзя па вуліцы Рэвалюцыйная, 24-а. Намаганьнямі спэцыялістаў Упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры незаконныя дзеянні “рэстаўратараў” былі прыпыненыя.
Галоўны інжынэр прадпрыемства Міхаіл Жых пасьля гэтага абяцаў выконваць працы на аб’екце толькі згодна з рэкамэндаванымі тэхналёгіямі. Але, атрымаўшы дазвол Міністэрства, у якім прадпісвалася толькі ручная разборка дзеля захаваньня аўтэнтычнага матэрыялу, 30 лістапада “Мінская спадчына” пачала руйнаваньне помніка пры дапамозе экскаватара і пасьпела зьнішчыць цэлае крыло пабудовы.
На гэты момант працы прыпынены Міністэрствам культуры, якое падрыхтавала матэрыялы па парушэннях заканадаўства для ініцыявання пракурорскай праверкі, а Таварыства аховы помнікаў зьвярнулася ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці галоўнага інжынера “Мінскай спадчыны” Міхала Жыха і дырэктара прадпрыемства Паўла Шыкунца.
Застаецца спадзявацца на сумленнасць пракурорскіх работнікаў, бо працэс зьнішчэння ці неабгрунтаванага зьмянення помнікаў можна спыніць, стварыўшы прэцэдэнт адказнасці за зьдзейсьненае правапарушэнне.