Пікеты: забараніць нельга дазволіць
Беларускія ўлады добра ўсьвядомілі, дзе неабходна ставіць коску ў гэтым сказе, але, паўсюдна і заўсёды адмаюляючы ў правядзеньні пікетаў, ці маюць яны рацыю?
Улады Наваполацку не дазволілі правесьці 10 снежня пікет да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Як паведаміў праваабаронца Зміцер Салаўёў, пад час пікету, які планавалася правесьці на плошчы Будаўнікоў у цэнтры горада, меркавалася правесьці інфармаваньне гараджанаў аб асноўных правах і свабодах, гарантаваных гэтым універсальным міжнародным дакументам.
Магілёўскія праваааронцы Барыс Бухель ды Аляксей Колчын атрымалі адказ з Магілёскага гарвыканкаму, у які зьвярталіся з просьбай а правядзеньні пікету 10 сьнежня, на 61-ю гадавіну прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. У адказе гаворыцца, што “дазволіць правядзеньне мерапрыемства не ўяўляецца магчымым”, паколькі пастановай Магілёўскага гарвыанкаму вызначана іншае месца для правядзеньня падобных мерапрыемстваў. Трэба адзначыць, што месца гэтае заўсёды бязлюднае, і знаходзіцца ўва двары Дома культуры, які, да таго ж, зараз знаходзіцца ў стане рамонту. Праваабаронцы прасілі дазволіць правядзеньне пікету ў цэнтры гораду, на заўсёды люднай плошчы насупраць гарвыканкаму.
Праваабаронцы лічаць адмову ў правядзеньні праваабарончага пікету парушэньнем сваіх канстытуцыйных правоў і маюць намер абскардзіць рашэньне магілёўскіх уладаў.
Мазырскім праваабаронцам таксама забаранілі правядзенне пікета з мэтай прапаганды Ўсеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека 10 снежня 2009 года. Гэта стала вядома з адказу Мазырскага райвыканкама 8 снежня 2009 г.
Мазырскі райвыканкам за подпісам намесніка старшыні Фелікса Галюка ў сваім адказе нагадаў, што пастаяннымі месцамі првядзення масавых мерапрыемстваў у Мазыры вызначаны стадыён “Спартак” па вул. Фрунзе, 38 і стадыён “Палессе” ў населеным пункце Козенкі. Мазырскія ўлады і самі забыліся калі ў гэтых месцах праводзіліся ня толькі масавыя, але і спартыўныя мерапрыемствы. З-за нязручнасці дабірацца да гэтых месцаў і быў пабудаваны ў Мазыры стадыён “Юнацтва” і гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс. Аднак, свае мерапрыемствы – святы горада, “Дажынкі”, камуністычныя мітынгі-маёўкі ускладання кветак да помніка Леніну – дазволу не патрабуюць і праводзяцца ў цэнтры горада.
Як паведамлялася раней, аналагічныя пікеты былі забароненыя ў Віцебску, Гомелі, Смаргоні, Бярозе, Барысаве і некаторых іншых гарадах. У Гародні і Баранавічах заяўнікі пікетаў дагэтуль чакаюць адказаў ад гарадскіх уладаў.
Паколькі прычынамі адмоваў у правядзеньні пікетаў часта становяцца неістотныя і супрацьзаконныя патрабаваньні мясцовых уладаў, праваабаронцы будуць абскарджваць іх у судах. У прыватнасьці, скаргі на адмовы гарадскіх уладаў пададзены ў Гомелі і Бярозе.