viasna on patreon

Яшчэ адна незарэгістраваная партыя

2009 2009-12-15T16:37:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/buhvostau.jpg
фота ByMedia.net

фота ByMedia.net

Вярхоўны суд Беларусі сёньня не задаволіў скаргу аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай партыі працоўных. Стваральнікі партыі спрабавалі абскардзіць дзеяньні Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася гэту партыю зарэгістраваць. Пасьля трох дзён слуханьняў суд палічыў, што міністэрства не парушыла заканадаўства. Старшыня партыйнага аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў кажа: прычыны адмовы называліся розныя. Напрыклад, раней партыя звалася партыяй працы, цяпер партыяй працоўных, аднак у скарачэньні абрэвіятура застаецца аднолькавай (БПП), а гэта нібыта недапушчальна. Былі і сур’ёзныя прычыны: і некаторыя стваральнікі партыі адмовіліся ад сваіх подпісаў.


Аляксандар Бухвостаў спасылаецца на факты запалохваньня заснавальнікаў партыі, калі ад іх патрабавалі адклікаць свае подпісы ў дакумэнтах:

“Напісалі заявы пра жаданьне быць у партыі студэнты, уласнай рукой, як кажуць. І вось Мін’юст пачынае праверку подпісаў. Прыходзіць міліцыянт з упраўленьня ўнутраных спраў, ідзе да куратара групы і высьвятляе, навошта яны пісалі заявы. Як гэта расцэньваць?! Калі б Мін’юст вёў праверку карэктна, то дастаткова было б праверыць, ці ёсьць такія людзі. А калі цябе бесцырымонна выхопліваюць? Маладыя людзі разумеюць, што іх могуць адлічыць з вучобы, і адмаўляюцца ад сваіх подпісаў”.

Лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна рашэньне Вярхоўнага суду не зьдзівіла:

“Існуе такая ўстаноўка — не рэгістраваць палітычныя партыі. Такое рашэньне прынялі ўлады, і нікога яны больш рэгістраваць ня будуць. Вось і БХД не рэгіструюць, і іншыя партыі. Ва ўлады іншая задача — зьнішчаць партыі”.

Аляксандар Бухвостаў кажа: стваральнікі партыі будуць працягваць сваю працу з улікам таго, што сярод заснавальнікаў выявіліся людзі, якія адразу адмовіліся ад сваіх подпісаў:

“Мы будзем і надалей працаваць як аргкамітэт у стварэньні партыі. Перагледзім сьпіс заснавальнікаў БПП. Таксама будзем агітаваць пайсьці ў партыю больш перакананых людзей. І будзем рыхтавацца да новага зьезду. Але я ня думаю, што гэта адбудзецца бліжэйшым часам”.

Палітоляг Юрась Чавусаў адзначае:

“Генэральная лінія на недапушчэньне новых партыяў у Беларусі не зьмянілася. З 2000 году новыя партыі ў краіне не рэгіструюцца. І адзіная верагоднасьць іх павелічэньня — гэта толькі тады, калі ўлады вырашаць перафарматаваць “Белую Русь” у партыю”.
Цяпер у Беларусі застаюцца 15 афіцыйна зарэгістраваных палітычных партый. Раней іх было 18: зьліквідаваныя жаночая партыя “Надзея”, экалягічная партыя зялёных “БЭЗ”, Беларуская партыя працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства