З цяжкасьцямі але "Народная Воля" даходзіць да чытача
Распаўсюднікі незалежнай газэты "Народная Воля" ўсё часьцей сутыкаюцца з супрацьдзеяньнем з боку супрацоўнікаў міліцыі. Ім перашкаджаюць раздаваць газэты, у некаторых выпадках затрымліваюць і канфіскуюць асобнікі "Народнай Волі". Карэспандэнтка радыё Свабода прысутнічала пры тым, як актывісты аб'яднаньня "Моладзь БНФ" распаўсюджвалі "Народную Волю".
У падземным пераходзе мэтро "Плошча Якуба Коласа" актывісты аб'яднаньня "Моладзь БНФ" бясплатна раздавалі людзям "Народную Волю". Многія прасілі яшчэ па некалькі асоьнікаў для сваіх знаёмых. Алест Каліта, адзін з маладых актывістаў, кажа: "Некаторыя ўжо прызвычаіліся, што тут ідзе распаўсюд газэт. Сёньняшні вынік - мы літаральна за гадзіну распаўсюдзілі 2 тысячы асобнікаў "Народнай Волі", нягледзячы на тое, што супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе некарэктна, пхалі ў сьпіну, крычалі "Выходзьце адсюль". Але дзякуючы прысутнасьці журналіста атрымалася спыніць супрацьпраўныя дзеяньні. Як толькі яны заўважылі журналіста, адразу ўцяклі
25 кастрычніка падчас распаўсюду "Народнай Волі" супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага райаддзелу затрымалі актывістаў "Моладзі БНФ" Алеся Мазаніка і Паўла Батуева. Як распавёў Радыё Свабода Алесь Мазанік, яму ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, пратрымалі дзьве гадзіны ў міліцыі, зьнялі яго на відэакамэру, а таксама забралі ўсе асобнікі "Народнай Волі", спаслаўшыся на тое, што будуць вывучаць, ці не парнаграфічнага яна зьместу.
Шэф-рэдактар "Народнай Волі" Сьвятлана Калінкіна, таксама як і юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч лічыць затрыманьні распаўсюднікаў абсалютна незаконнымі: "...Таму што газэта легальна выходзіць. Гэта ня нейкае падпольнае выданьне. Газэту не прадаюць, мы адмыслова робім на ёй адзнаку, што яна распаўсюджваецца ў рэклямных мэтах. Я мяркую, што супрацоўнікамі міліцыі рухае нейкае стандартнае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Калі нешта раздаецца на вуліцы, то гэта трэба спыніць, чалавека затрымаць, усё адабраць, і гэтак далей".
У 25 артыкуле Закону аб друку гаворыцца, што "распаўсюд прадукцыі СМІ ажыцьцяўляецца рэдакцыяй непасрэдна ці на дамоўных альбо іншых законных падставах дзяржаўнымі прадпрыемствамі сувязі, каапэратыўнымі арганізацыямі, грамадзкімі аб'яднаньнямі, а таксама грамадзянамі".
Ад 1 кастрычніка з "Народнай Воляй" скасавалі дамовы на друкаваньне і распаўсюд друкарня "Чырвоная Зорка" і ўсе падразьдзяленьні "Белсаюздруку". Газэта цяпер друкуецца ў Смаленску.
16 тысяч асобнікаў "Народнай Волі" атрымліваюць падпісчыкі газэты, а яшчэ 11 тысяч накладу бясплатна распаўсюджваюць актывісты палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста грамадзяне.