viasna on patreon

Еўрапарламент: У Беларусі няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод

2009 2009-12-17T13:00:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/eurapejski_parlament.jpg

Парламент Еўрапейскага саюза шкадуе, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Еўрапарламента, прынятай 17 снежня большасцю галасоў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе парламента ЕС.

Перад пачаткам галасавання ў рэзалюцыю быў уключаны заклік да беларускіх уладаў расследаваць выпадкі выкрадання маладзёжных актывістаў, а таксама гібелі апазіцыянера з Мар'інай Горкі (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) Валянціна Доўнара.

У дакуменце вітаецца рашэнне Савета ЕС прадоўжыць у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў санкцыі да кастрычніка 2010 года, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін. На думку дэпутатаў, дыялог па правах чалавека з Беларуссю "павінен ставіць на мэце канкрэтныя вынікі і істотны прагрэс у сферы дэмакратызацыі і вяршэнства закону". У выпадку дастатковага прагрэсу санкцыі ў дачыненні да краіны павінны быць адменены, а працэсы інтэграцыі паскораны, зазначаецца ў рэзалюцыі.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўракамісію разгледзець магчымасць змяншэння кошту віз для беларусаў і спрасціць працэдуру іх атрымання, а таксама падрыхтаваць рэкамендацыі для перамоў па пагадненнях аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Рэкамендавана таксама стварыць прамежкавы план прыярытэтных рэформ у Беларусі, каб вярнуцца да падпісання Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

"Дыялог па Еўранесце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакуменце. — Беларусь будзе запрошана да паўнавартаснага ўдзелу, калі парламент краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэнні прамежкавыя".

У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнесу.

Еўрадэпутаты віталі актыўны ўдзел беларускіх уладаў у палітыцы ЕС "Усходняе партнёрства". Яны заклікалі Мінск працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, а таксама развіваць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй, у прыватнасці вызначыўшы ролю Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Еўрапарламентарыі чакаюць, што ў найбліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў; адменяць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам "справы чатырнаццаці", у прыватнасці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку.

Еўрадэпутаты выказаліся за "неадкладны мараторый" на смяротную кару ў Беларусі. Яны таксама заклікалі Мінск прызнаць Саюз палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і выконваць правы нацыянальных меншасцей.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства