viasna on patreon

З ЛГБТ-актывістамі суд хацеў разабрацца хутка?

2009 2009-12-18T16:52:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akcyja-gej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сяргей Прадзед, адзін з затрыманых за акцыю каля амбасады Ірана ў Менску, 17 снежня быў выкліканы ў Савецкі РАУС. Там актывісту паведамілі, што суд над ім мусіць адбыцца “сёння”. У пратаколе, складзеным пасля затрымання, значылася іншая дата – 26 снежня.     

Трое актывістаў ЛГБТ-руху былі затрыманыя 16 снежня за акцыю пратэсту супраць пакарання смерцю геяў у Іране.

- Акцыя была з нагоды таго, што ў Іране ёсць закон, паводле якога гомасэксуалаў  караюць смерцю. І зараз да смяротнага пакарання там асудзілі 10 геяў, сярод якіх 8 падлеткаў. Таму мы вырашылі перадаць петыцыю ў амбасаду Ірана і выказаць пратэст супраць смерці за гомасэксуалізм, - распавёў Сяргей Прадзед.

Са словаў актывіста, каля амбасады ўдзельнікі акцыі - Сяргей Андросенка, Сяргей Прадзед і Аляксандр Гагарын – прастаялі каля 15 хвілінаў, паколькі прадстаўнікі амбасады напачатку адмаўляліся прымаць петыцыю.   

- Пасля таго, як петыцыю ў нас усё ж прынялі, мы збіраліся сыходзіць, бо стаяць далей не мела ніякага сэнсу. Але міліцыянт, які стаяў каля амбасады, забраў дакументы Сяргея Андросенкі і не адпускаў яго. Прычым, ен не мог нам дакладна адказаць, ці затрыманыя мы, але дакументы не аддаваў. Пасля пад’ехалі дзве машыны і нас затрымалі. Разам з намі была затрыманая і журналістка Наста Шамрэй. Наста казала, што яна журналістка, і мы ўсе пацвердзілі, што яна не ўдзельнічала, а асвятляла акцыю. Але пры гэтым яе павезлі разам з намі, - кажа С.Прадзед.

Пасля затрымання маладых людзей даставілі ў РАУС Савецкага раёну Менску, а пасля – ў апорны пункт. Настассю Шамрэй пасля праверкі журналісцкага пасведчання і гутаркі адпусцілі. На актывістаў ЛГБТ-руху склалі пратаколы. Сяргея Прадзеда і Аляксандра Гагарына абвінавачваюць па ч.1 арт.23.34 КаАП, а Сяргея Андросенку – па ч.2 арт.23.34 КаАП.

- У пратаколе, складзеным на мяне было указана, што суд адбудзецца 26 снежня. Але на наступныю раніцу мне патэлефанаваў супрацоўнік Савецкага РАУСу Валынаў Дзмітрый Генадзьевіч і сказаў, што у яго ёсць да мяне яшчэ некалькі пытанняў, для удакладнення якіх мне трэба туды з’явіцца. Я паехаў.

Як зазначыў Сяргей, падчас гутаркі ў РАУСе іх акцыя была “перакваліфікаваная” з акцыі салідарнасці з геямі Ірана ў апазіцыйную.

- Пытанні датычыліся таго, чаму ўдзел у нашай акцыі брала Наста Шамрэй, якая нібыта апазіцыянерка. Міліцыянты мне казалі, што яны лічылі мэтай нашай акцыі сапраўды падтрымку геяў у Іране, а аказалася, што мы “проста ачарнілі нашу дзяржаву, паказалі, якая яна несправядлівая”, - здзіўляецца такой нечаканай трактоўцы актывіст.

Пасля размовы ў РУУСе Сяргею Прадзеду паведамілі, што ён у суправаджэнні міліцыянтаў адразу едзе ў суд.

- Я папрасіў патлумачыць сітуацыю, паколькі суд прызначаны на 26 снежня, у мяне пратакол на руках. Яны кажуць, маўляў, гэта вы так вырашылі. Я больш не ведаў нават, як рэагаваць на такі абсурд. Таму заявіў, што нікуды не паеду, пакуль не патэлефаную свайму адвакату. На гэта мне адказалі, што я не маю права і павялі садзіць у машыну.

Паводле Сяргея, у судзе Савецкага раёну міліцыянт, які суправаджаў яго, дамовіўся пра разгляд справы ў гэты дзень. Справу перадалі суддзі Аксане Рэлява

- Яна зачытала мне мае правы, артыкул 61, у якім сказана, што я маю права на юрыдычную дапамогу і які быў парушаны, паколькі мне не далі патэлефанаваць адвакату. Я выклаў суддзі ўсю сітуацыю і яна мне дала час, каб вырашыць пытанне з абаронай. Суддзя пасля размовы з адвакатам паведаміла, што справа пераносіцца на той дзень, калі зможа пад’ехаць мой адвакат.

Суд над Сяргеем Прадзедам адбудзецца 22-га снежня ў 11.30. Пратакол Сяргея Андросенкі будзе разглядацца 23-га снежня ў 11.00. Справа Аляксандра Гагарына была разгледжаная судом Савецкага раёну 17 снежня. Прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле  ў несанкцыянаваным пікеце, суд пакараў актывіста штрафам у 105 тысяч рублёў (3 базавыя велічыні).

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства