Праблему скасавання артыкула 193.1 абмеркавалі на круглым стале (фота)
Праблема абмежаваньня свабоды асацыяцыяў была ўзьнятая на круглым стале “На шляху да скасаваньня артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу”, зладжаным Асамблеяй НДА.
У першы працоўны дзень па завяршэньні чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў сябры Асамблеі НДА, праваабарончага цэнтру “Вясна” і БХК далі ацэнку прыктыцы крымінальнага перасьледу з-за дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў у 2006-2009 гг.
Кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец падкрэсьліла, што дата правядзеньня круглага стала абраная невыпадкова, бо дэпутаты нягледзячы на шматлікія абяцаньні, сышлі на канікулы, нават ня ўзьняўшы праблему артыкула 193.1 КК РБ.
Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валяньцін Стэфановіч зазначыў, што наяўнасьць артыкула 193.1 КК РБ можна патлумачыць адсутнасьцю палітычнай волі ва ўладаў. Валяньцін Стэфановіч падкрэсьліў, што ён як прадстаўнік незарэгістраванай арганізацыі будзе працягваць займацца “злачыннай праваабарончай дзейнасьцю”.
Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў зазначыў, што распрацоўка і ўхваленьне дадзенага крымінальнага артыкула адбылася ў пакеце так званых антырэвалюцыйных мераў, ужытых да актывістаў дэмакратычных арганізацыяў падчас прэзыдэнцкае кампаніі 2006 году.
Старшыня БХК Алег Гулак перакананы, што наяўнасьць артыкула, які супярэчыць праву, разбурае саму дзяржаўную сыстэму. “У прававой дзяржаве не дапускаецца варыятыўнасьці інтэрпрэтацыяў прававых нормаў. Правапрымяненьне артыкула 193.1 сьведчыць пра выбарачны характар крымінальнага заканадаўства, што недапушчальна”, - зазначыў Алег Гулак.
Кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА і сьпікер Форума Грамадзянскае супольнасьці Сяргей Мацкевіч распавёў прысутным пра міжнародны аспэкт праблемы абмежаваньня свабоды асацыяцыяў у Беларусі.
Цягам круглага стала была прэзэнтаваная мультымэдыйная прадукцыя кампаніі Асамблеі НДА “Стоп 193.1!”. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі і ўзгаднілі плян супольных дзеяньняў па скасаваньні артыкула, які забараняе дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. У прыватнасьці, арганізатарамі круглага стала заяўлялася пра патрэбу ў працягу інфармацыйнай кампаніі, зваротах грамадзянаў і грамадзкіх арганізацыяў да афіцыйных структураў, інфармаваньні эўрапейскіх чыноўнікаў і выкарыстаньні магчымасьцяў Усходняга партнэрства, правядзеньні мерапрыемстваў пры садзеяньні міжнародных арганізацыяў.