Алесь Бяляцкі: 2010 год будзе дастаткова цяжкім
Праваабаронцы заяўляюць, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады Беларусі будуць праводзіць палітыку «закручвання гаек».
Як лічыць віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, варта чакаць узмацнення рэпрэсіяў у 2010 годзе. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю БелаПАН.
2010 год будзе «дастаткова цяжкім»: запланаваныя дзве буйныя палітычныя кампаніі — выбары ў мясцовыя саветы ўвесну і пачатак кампаніі па выбарах прэзідэнта ўвосень.
«А практыка ў нашай дзяржаве склалася такая, што калі грамадскае жыццё становіцца больш актыўным, павялічваецца і колькасць рэпрэсіяў з боку ўладаў. Таму мы лічым, што пытанні пераследу грамадзянскіх актывістаў, пытанні рэпрэсіяў і абмежавання правоў грамадзянаў і свабоды СМІ будуць стаяць востра», — заявіў Бяляцкі.
Праваабаронцы гатовыя назіраць за сітуацыяй, даваць свае ацэнкі падзеям і працэсам, якія адбываюцца, адзначыў ён.
Старшыня арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак лічыць, што 2010 год «не будзе асабліва радасным» для праваабаронцаў. «Я не чакаю лібералізацыі, будзе толькі «закручванне гаек» у сувязі з выбарамі, якія маюць адбыцца. Не сакрэт, што Лукашэнка плануе абірацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, таму лібералізацыя ў эканоміцы, палітыцы, грамадскім сектары яму не патрэбная. Не будзе зарэгістраваная ніводная палітычная партыя ці праваабарончая грамадская арганізацыя. Яны небяспечныя для ўлады, таму што яны працуюць на месцах з людзьмі», — заявіў Воўчак.