Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, сьнежань 2009 году
Напрыканцы году падсумоўваліся вынікі мінулага году. 22 сьнежня кіраўніцтва кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі правяла адмысловую он-лайн-канфэрэнцыю, падчас якой канстатавала, што сёлета сітуацыя для апазіцыі была ня лепшай у параўнаньні з мінулым годам. У краіне зноў ёсьць палітзьняволеныя, міністэрства юстыцыі адмаўляе ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычным партыям і грамадзкім аб’яднаньням, міністэрства інфармацыі адмаўляецца рэгістраваць новыя друкаваныя выданьні, а МЗС – акрэдытоўваць замежныя мэдыі і іх карэспандэнтаў. Апроч таго, у Беларусі пачаліся практыкавацца выкраданьні дэмакратычных актывістаў невядомымі асобамі, аднавіліся арышты па адміністрацыйных справах за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.
Да 10 сьнежня, 61-й гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, беларускія праваабаронцы запланавалі шэраг розных мерапрыемстваў: інфармацыйных пікетаў, віктарынаў, конкурсаў ды іншых акцыяў. У сталіцы і буйных гарадах Беларусі былі пададзеныя 14 заявак на правядзеньне пікетаў, аднак мясцовыя выканкамы не задаволілі ніводнай з іх. Фактычна Дзень правоў чалавека ў нашай краіне аказаўся пад забаронай. Толькі ў Берасьці ўлады дазволілі мітынг на малалюдным стадыёне “Лакаматыў” на ўскрайку гораду. Між тым грамадзкія актывісты Берасьця падавалі заяўкі на тры мерапрыемствы: мітынг, пікет і шэсьце ў цэнтры гораду.
У Менску першыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня правоў чалавека, адбыліся напярэдадні. 6 сьнежня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла адкрытая маладзёвая сустрэча. З 7 па 9 сьнежня менскія актывісты Руху "За Свабоду" арганізавалі паказ трох дакументальных кінастужак на праваабарончую тэматыку.
9 сьнежня грамадзкая ініцыятыва “Праваабарончы альянс” уганаравала лаўрэатаў сваёй штогадовай прэміі. У намінацыі “Журналіст года” узнагароду атрымаў супрацоўнік “Радыё Свабода” Алег Грузьдзіловіч, лепшым адвакатам названы Павел Сапелка, а ў намінацыі “Праваабаронца году” стаў вядомы ў Беларусі змагар супраць сьмяротнага пакараньня Раман Кісляк. Пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня адбылася сумесная прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў.
10 сьнежня ў Менску праваабаронцы і грамадзкія актывісты выйшлі на прасьпект Незалежнасьці, каб павіншаваць мінакоў з Днём правоў чалавека. Разам з віншаваннямі жыхары і госці сталіцы атрымалі інфармацыйныя буклеты і паштоўкі, у якіх асвятляюцца розныя пытанні ў галіне правоў чалавека.
23 сьнежня аргкамітэт грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” уручыў сваю Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека ў 2009 годзе. За асабістую мужнасьць узнагароджаныя палітычны актывіст Франак Вячорка, грамадзкі актывіст Зьміцер Бародка, моладзевы актывіст Максім Вінярскі, палітвязень Арцём Дубскі, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, а таксама салігорская праваабаронца Яна Палякова (пасьмяротна).
Таксама 23 сьнежня сімвалічныя ўзнагароды ад Асамблеі НДА атрымалі прадстаўнікі найбольш заўважных у 2009 годзе грамадзкіх ініцыятываў. Сярод лаўрэатаў – Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы Цэнтар «Вясна». «Грамадзянскай кампаніяй - 2009» году была абвешчаная супольная ініцыятыва «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі». Антыгероем імпрэзы адзінадушна быў прызнаны Мін'юст, які цалкам заслужана стаў пераможцам намінацыі «Нерэгістрацыя году».
17 сьнежня Еўрапейскі парламент большасьцю галасоў прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У дакуменце адзначана, што пасьля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека. У рэзалюцыі вітаецца рашэньне падоўжыць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў да кастрычніка 2010 году, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін. На думку еўрадэпутатаў, дыялог па правах чалавека з Беларусьсю "павінен ставіць на мэце канкрэтныя вынікі і істотны прагрэс у сьферы дэмакратызацыі і вяршынства закону". Дэпутаты Еўрапарламенту чакаюць, што ў 2010 годзе беларускія ўлады рэфармуюць закон "Аб сродках масавай інфармацыі" і прывядуць яго ў адпаведнасьць з рэкамендацыямі міжнародных эксьпертаў, адменяць артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, дазволяць рэгістрацыю палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, а таксама створаць спрыяльныя ўмовы для працы няўрадавых арганізацыяў і незалежных мас-медыя. Еўрапейскія дэпутаты настойваюць на неадкладным увядзеньні ў Беларусі мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Таксама ў рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ў 2007 годзе фігурантам "Працэсу чатырнаццаці" (у тым ліку Арцёму Дубскаму, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі), і тэрмінова вызваліць з-за кратаў былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку.
Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі і перадалі ў Раду правоў чалавека ААН альтэрнатыўны ўніверсальны даклад па сітуацыі ў Беларусі. Улады павінны здаць свой аналагічны даклад у тэрмін да лютага 2010 году. Па выніках гэтых дакладаў, прадстаўленых з боку ўладаў і праваабаронцаў, Рада па правах чалавека будзе прымаць рэкамендацыі для Беларусі. Паводле юрыста ПЦ “Вясна” В. Стэфановіча, у межах падрыхтоўкі альтэрнатыўнага дакладу ўлады пагадзіліся на кансультацыі з няўрадавымі арганізацыямі, якія яго рыхтавалі. Праваабаронцы двойчы сустракаліся з прадстаўнікамі МЗС Беларусі і першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Натальляй Пяткевіч.
Таксама праваабаронцы рыхтуюць альтэрнатыўны даклад у Камітэт па правах чалавека аб выкананьні нашай краінай міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Афіцыйны Менск ужо двойчы ігнараваў прадстаўленьне дакладу ў Камітэт і не выконваў ягоныя рашэньні.
Савет Еўропы настойвае на ўвядзеньні ў Беларусі мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта заявіў кіраўнік Генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па дэмакратыі і пытаньнях палітыкі Жан-Луі Ларан, які знаходзіўся ў Менску ад 30 лістапада да 1 сьнежня: "Калі Беларусь жадае ўступіць у Савет Еўропы, стаць часткаю дэмакратычнай еўрапейскай сям’і, яна будзе вымушана вырашыць гэтае пытаньне і адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня", - падкрэсьліў прадстаўнік Савета Еўропы.
- Палітычна матываваныя крымінальны перасьлед
7 сьнежня ў Наваградку актывісту БХД і маладафронтаўцу Юрыю Казаку прад'яўлена абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч.1 арт. 339 КК РБ – “хуліганства”. Нагодай стаў факт затрыманьня моладзевых актывістаў у ноч з 6 на 7 лістапада, калі мясцовы помнік Леніну быў абліты зялёнай фарбай. Судовыя слуханьні праходзілі 29 і 30 сьнежня. Актывіст прызнаў, што абліў бюст бальшавіцкага “правадыра” зялёнай фарбай. Дырэктарка наваградзкага краязнаўчага музэю паведаміла, што помнік не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а плошча Леніна хутка будзе называцца плошчай Адама Міцкевіча. Гісторык Юры Бачышча зачытаў ліст ад сваіх калегаў пра нэгатыўную ролю Леніна ў гісторыі краіны. Пракурор запрасіў пакараць Ю. Казака штрафам у памеры 255 базавых велічынь (каля 8 млн. руб.). Судзьдзя Валер Яцынкавіч перанёс далейшы разгляд крымінальнай справы на 11 студзеня 2010 году, калі будзе абвешчаны прысуд.
Напрыканцы сьнежня кіраўніца берасьцейскай філіі "Маладога Фронту" Юлія Пашко атрымала пракурорскае папярэджаньне, што за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі яна можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасьці.
Зьняволены актывіст "Маладога Фронту" Арцём Дубскі піша ў лістах да паплечнікаў пра ўзмацненьне ціску на яго з боку адміністрацыі ПК №19, дзе ён адбывае пакараньне - 1 год калоніі. Акрамя таго, маладафронтавец паведамляе пра поўную ізаляцыю, што стварае вакол яго адміністрацыя калоніі – іншым асуджаным фактычна забаронена камунікаваць з палітвязьням. Падрабязна пісаць пра сваю сітуацыю А. Дубскі, ня можа, бо ўся пошта праходзіць турэмную цэнзуру.
- Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў
3 сьнежня судзьдзя Заводскага райсуду Менску Някрасава А.Т прызнала затрыманых напярэдадні актывістаў “Маладой Беларусі” вінаватымі ў парушэньні артыкулу 23.34 КаАП (удзел ў несанкцыянаваным мерапрыемстве). Павел Пракаповіч і Ягор Баброў асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Андрэй Кузьмінскі – на 7 сутак. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў падчас правядзеньня акцыі каля ўнівермагу “Беларусь”, дзе яны ўсталявалі фанерны шчыт з выявай вусатага твару і подпісам «Не любіш рэжым — кінь у мяне!». Побач са стэндам паставілі скрыню з яйкамі. Ноч да суду затрыманыя правялі ў пастарунку. Судовы працэс над Настай Машчавай адбыўся 4 сьнежня. Актывістка пакараная штрафам ў памеры 30 базавых велічыняў.
17 сьнежня Савецкі райсуд сталіцы пакараў Аляксандра Гагарына, удзельніка акцыі пратэсту каля амбасады Ірана, якая адбылася ў Менску напярэдадні. Прадстаўнікі сэксуальных меньшасьцяў выступілі супраць існаваньня ў Іране закону, паводле якога за гомасэксуалізм караюць сьмерцю. Актывіст ЛГБТ-руху А. Гагарын аштрафаваны паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце на 3 базавыя велічыні (105 тыс. руб). Суд на двума іншых ўдзельнікамі пікету адбыўся пазьней – 23 сьнежня. Судзьдзя Савецкага райсуду Аксана Рэлява прызнала Сяргея Андросенку арганізатарам масавага мерапрыемства і пакарала паводле ч.2 арт. 23.34 КаАП штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (825 тыс.руб.), Сяргей Прадзед паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП артымаў 10 базавых велічыняў (350 тыс.руб.).
Згодна з пастановай Міністэрства інфармацыі Беларусі № 16, адміністрацыйная справа супраць расейскага эколага Андрэя Ажароўскага спынена за адсутнасьцю складу правапарушэнья. “Прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці мяркуецца пры ўмове распаўсюду перыядычных друкаваных выданьняў без выходных дадзеных. Сканфіскаваныя матэрыялы не зьяўляюцца прадукцыяй друкаванага СМІ”, - адзначана ў пастанове. Ажароўскаму будуць вернутыя сканфіскаваныя друкаваныя матэрыялы, у якіх крытыкуецца ідэя будаўніцтва АЭС у Беларусі. Нагадаем, расейскага фізіка-ядзершчыка, каардынатара праектаў групы “Экаабарона” (Масква) А.Ажароўскага затрымалі 9 кастрычніка ў Астраўцы Гарадзенскай вобласьці, куды ён прыехаў як афіцыйны ўдзельнік грамадзкіх слуханьнях пра магчымае ўзьдзеяньне на вакольнае асяродзьдзе будучай беларускай АЭС. Пазьней мясцовы суд пакараў эколага адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 7 сутак, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.
- Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі
На пачатку сьнежня МЗС адмовіў у акрэдытацыі карпункту спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат». Афіцыйны ліст падпісаны намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Валерам Варанецкім. Падстава для адмовы тая, што паводле пракуратуры цягам году журналісты Белсату працавалі на тэрыторыі краіны без акрэдытацыі, чым парушылі закон.
Вярхоўны суд адхіліў скаргу галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча і Марыны Коктыш на рашэньне суда першай інстанцыі, які не захацеў узбуджаць грамадзянскую справу з-за адмовы Палаты прадстаўнікоў акрэдытаваць журналістку. «Паколькі пытанні акрэдытацыі журналістаў у кампетэнцыю суда не ўваходзяць і заканадаўства, якое дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь, не прадугледжвае вырашэння судамі скаргаў на адмову ў такой акрэдытацыі, суддзя абгрунтавана адмовіўся ўзбуджаць справу», — гаворыцца ў лісце за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага суда А. Федарцова. Гісторыя з адмовай М. Коктыш у акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў цягнецца ўжо больш за 2 гады. Між тым журналістка ўсё яшчэ не губляе надзеі атрымаць акрэдытацыю пры Палаце прадстаўнікоў.
24 сьнежня Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газеце “Народная воля” за распаўсюд нібыта неадпавядаючай рэчаіснасьці інфармацыі (арт. 4 закона «Аб СМІ»). Гэта ўжо другое цягам года папярэджаньне на адрас выданьня, першае было вынесена месяцам раней – 17 лістапада.
28 сьнежня рэдакцыя недзяржаўнага рэгіянальнага выданьня «Газета Слонімская» атрымала пісьмовую адмову на просьбу акрэдытаваць журналістаў пры мясцовым райвыканкаме. У лісьце за подпісам намесьніка старшыні Слонімскага райвыканкама Дзмітрыя Дзешкі паведамлена, што «асьвятленьне пасяджэньняў, а таксама нарадаў, якія праводзіць выканкам, ажыцьцяўляецца журналістамі дзяржаўнай газеты “Слонімскі веснік”, якая з’яўляецца афіцыйным органам Слонімскага райвыканкама».
- Сьмяротнае пакараньне
10 сьнежня прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” перадалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь петыцыю з заклікам адмяніць гэты від пакараньня, які расцэньваецца як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Копія звароту перададзеная і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пад зваротам да ўладаў падпісаліся больш за 30 чалавек – вядомыя культурныя і грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, юрысты і навукоўцы.
Упраўленьне Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН атрымала каментар ўраду Рэспублікі Беларусь на індывідуальнае паведамленьне маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня Андрэя Жука, у якім аспрэчвае ня толькі дапушчальнасьць паведамленьня, але і сам разгляд у Камітэце дадзенага паведамленьня. Беларускія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што прыведзеныя сьведчаньні несапраўдныя, бо Андрэй Жук не выкарыстаў усе сродкі прававой унутранай абароны. Да 7 студзеня ў Камітэт па правах чалавека ААН павінен паступіць каментарый праваабаронцы Рамана Кісляка на гэтую інфармацыю.
- Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў
9 сьнежня Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Прычына – недакладнасьці ў зьвестках аб рэгіянальных сходах заснавальнікаў у пададзеных дакументах. Гэта ўжо другая за сёлета адмова БХД у рэгістрацыі. Па словах сустаршыні партыі Віталя Рымашэўскага, у апошні час мелі месца дзесяткі выпадкаў, калі падпісантаў заснавальных дакументаў БХД выклікалі ў ідэалагічныя аддзелы выканкамаў ці кіраўніцтва навучальных установаў, прадпрыемстваў і пагражалі. У выніку пад ціскам пяць чалавек былі вымушаны адклікаць свае подпісы.
15 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу аргкамітэту па стварэньню Беларускай партыі працоўных. Заснавальнікі партыі спрабавалі абскардзіць дзеяньні Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася гэту партыю зарэгістраваць. Старшыня партыйнага аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў спасылаецца на факты запалохваньня заснавальнікаў партыі, калі ад іх патрабавалі адклікаць свае подпісы ў дакументах. Таксама ён паведаміў, што заснавальнікі працягнуць дзейнасьць як аргкамітэт у стварэньні партыі і будуць рыхтавацца да новага зьезду.
18 сьнежня ў Менску адбыўся паўторны ў гэтым годзе ўстаноўчы сход Асацыяцыі каардынацыі грамадзкіх арганізацыяў “Асамблея НДА”. Першая спроба дзейнічаць легальна скончылася няўдачай. Кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец спадзяецца, што нядаўняе абраньне старшыні Рабочай групы Асамблеі Сяргея Мацкевіча, які прадстаўляў на Форуме грамадзянскае супольнасьці Ўсходняга партнёрства незарэгістраваную Асамблею, на пасаду сьпікера Форума зможа паўплываць на рашэньне Мінюста адносна рэгістрацыі Асацыяцыі пазітыўным чынам.
29 сьнежня Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу сузаснавальнікаў праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Берасьцейская вясна” да галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкама, які ў пяты раз адмовіў праваабаронцам у рэгістрацыі аб’яднаньня. Судьдзя пагадзіўся з меркаваньнем прадстаўніка ўпраўленьня, што прадастаўленьне копіі чэка аб аплаце дзяржпошліны замест арыгінала зьяўляецца невыпраўляльнай памылкай і падставай для нерэгістрацыі.
29 сьнежня Гарадзенскі абласны суд разглядаў скаргу слонімскіх актывістаў да абласнога Ўпраўленьня юстыцыі, якое адмовіла ім у рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Залаты леў», і пакінуў рашэньне бяз зьмены. Як паведаміў актывіст Алесь Масюк, судзьдзя абласнога суду прызнаў, што некалькі пунктаў з рашэньня Ўпраўленьня юстыцыі — надуманыя, а з адным пунктам ён пагадзіўся. На думку суду, у статуце перавышаныя паўнамоцтвы праўленьня грамадзкай арганізацыі, што, маўляў, супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу.
6. Катаваньні і перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў
5 сьнежня на лідэра “Маладога Фронту” Зьміцера Дашкевіча каля ягонай кватэры напалі двое невядомых у цывільным і зацягнулі ў мікрааўтобус. На вочы яму нацягнулі дзве шапкі, каб ён ня бачыў дарогі, і павезлі за горад у невядомым накірунку. У лесе, куды быў завезены З. Дашкевіч, праз рукавы паліто яму працягнулі жэрдку, каб ён ня мог пэўны час нармальна рухацца, зьнялі з галавы шапкі і з’ехалі. Высьветлілася, што моладзевы лідэр быў вывезены на адлегласьць каля 70 кіламетраў ад сталіцы.
6 сьнежня актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель быў схоплены людзьмі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску. Яго пасадзілі ў машыну, загадалі нахіліць галаву на калені і так хвілін 20 вазілі па горадзе, а потым павезлі ў бок Барысаўскай трасы. Праз некалькі кіламетаў аўтамабіль спыніўся і Я. Афнагелю выкрадальнікі загадалі выйсьці. Перад тым як зьехаць, невядомыя забралі ў яго батарэю мабільнага тэлефона.
Падобныя захопы грамадзянаў праваабаронцы расцэньваюць як палітычна-матываваныя выкраданьні, якія маюць рысы крымінальнага злачынства. Дадзеныя дзеяньні прадстаўнікоў сілавых ведамстваў маюць заведама незаконны характар і зьяўляюцца грубейшым парушэньнем правоў чалавека, у прыватнасьці, парушаюць асабістую недатыкальнасьць і свабоду.
У сярэдзіне сьнежня пракуратура Ленінскага раёну Берасьця адмовіла маладафронтаўцу Міхасю Ільіну ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі і асобы ў цывільным, якія нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні. Адказ падпісаны сьледчым пракуратуры Аляксандрам Ярошыкам. Актывіст быў зьбіты 17 верасьня на акцыі ля помніка 1000-годзьдзя Берасьця супрацоўнікамі міліцыі, дзеяньнямі якіх кіравала асоба ў цывільным. Факты зьбіцьця пацьверджаны судова-медычнай эксьпертызай. Акрамя таго М. Ільін быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.
18 сьнежня супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю Валожынскага РАУСа ў межах праверкі праводзілі допыт кіраўніцтва Івянецкага аддзела непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі. Міліцыянты правяралі дакументы і цікавіліся гаспадарчай дзейнасьцю арганізацыі. Кіраўніцтва Валожынскага РАУСа адмовілася каментаваць прычыны праверкі. Да гэтага Івянецкі аддзел Саюза палякаў правяраў камітэт дзяржкантролю. Як лічыць старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Андрэй Пачобут, дзеяньні міліцыянтаў носяць мэтанакіраваны характар.
7. Парушэньні права на свабоду сумленьня
8 сьнежня калегія Вышэйшага гаспадарчага суду ў складзе судьдзяў Сьцяпана Турмовіча, Аксаны Міхнюк і Сяргея Кулакоўскага не задаволілі скаргу пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” і пакінулі рашэньне аб прымусовым высяленьні вернікаў з будынку ў сіле. Між тым вернікі па-ранейшаму не зьбіраюцца аддаваць будынак царквы. 29 сьнежня царква «Новае жыцьцё» зьвярнулася са скаргай на імя намесьніка старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Васіля Дземідовіча, каб ён апратэставаў праз прэзідыюм рашэньне ВГС і Менскага гаспадарчага суду пра высяленьне царквы з будынку па вуліцы Кавалёва, 72 у Менску.
Тром польскім ксяндзам не былі падоўжаныя кантракты. Як паведаміла «Польскае радыё» са спасылкай на «Gazeta Wyborcza», афіцыйнай прычынай «ссылкі» стала тое, што сьвятары праводзілі службы на польскай мове.
8. Дыскрымінацыя
Жодзінскія праваабаронцы Святлана і Аляксей Лапіцкія не перастаюць змагацца за тое, каб іх сын змог атрымліваць беларускамоўнае навучаньне ў сярэдней школе. Бясконцая перапіска з мясцовымі чыноўнікамі не спыняецца больш за пяць гадоў, але дае мала плёну. У сьнежні праваабаронцы накіравалі ліст у Міністэрства адукацыі. Лапіцкія расцэньваюць гэты факт як дыскрымінацыю па нацыянальнай і моўнай прыкмеце.
9. Па рушэньне права на свободу мірных сходаў
10 сьнежня ўлады сарвалі запланаваную Беларускім Хельсінскім камітэтам сьвяточную акцыю пад умоўным назовам “Правабарончы трамвайчык”. Меркавалася праехаць на сьпецыяльна арэндаваным трамваі па адным з маршрутаў і падчас паездкі раздаваць пасажырам брашуры з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, распавядаць ім пра гэтыя правы, а таксама частаваць людзей гарбатай і тортам.
Заяўнікі пікету ў Баранавічах, прымеркаванага да гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Гоўша С.К., Сырыца В.А. і Болбат В.П. накіравалі скаргу ў пракуратуру на дзеяньні Баранавіцкага гарвыканкама, які ў вызначаны законам тэрмін ня даў ніякага адказу прадстаўнікам дэмакратычнага руху на просьбу адзначыць Дзень правоў чалавека. Згодна заканадаўству адказ павінен быць дадзены ня менш чым за пяць дзён да запланаванай даты. Баранавіцкія актывісты просяць "правесьці праверку і даць прававую ацэнку дзеяньням (у дадзеным выпадку - бяздзеяньням) упаўнаважаных службовых асобаў гарвыканкаму са зваротамі грамадзянаў.
Намесьнік старшыні Кастрычніцкага райсуду Віцебску па грамадзянскім справам Алена Папкова адхіліла скаргу мясцовых праваабаронаў у аднаўленьні парушаных правоў. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну не дазволіла правесьці інфармацыйны пікет, запланаваны на 10 сьнежня, на падставе таго, што не былі заключаныя дамовы з міліцыяй, “хуткай дапамогай” і камунальшчыкамі. Праваабаронцы таксама прасілі суд вынесьці вызначэньне аб прызнаньні неканстытуцыйным рашэньне Віцбскага гарвыканкаму ад 10.07. 2009 г. № 881 «Об масавых мерапрыемствах у г. Віцебску» і падлягаючым адмене. Аднак судзьдзя Папкова заняла пазіцыю выканаўчай ўлады.
10. Звальненьні па палітычных матывах
3 сьнежня прэс‑сакратарка «Маладога Фронту» Тацяна Шапуцька была адлічаная з другога курсу юрфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Актывістку выключылі за ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці ў Бруселі, што праходзіў у лістападзе, бо Тацяна выехала за мяжу без дазволу адміністрацыі навучальнай установы. Т.Шапуцька была адной з найлепшых студэнтак, яе сярэдні бал — 8,5. Да зімовай сэсіі заставаўся адзін тыдзень. У сувязі з гэтым адлічаная студэнтка падала скаргу міністру адукацыі Радзькову А.М, а таксама хадайніцтва ў рэктарат аб узнаўленьні на вучобе разам з копіямі прыкладна 400 подпісаў студэнтаў БДУ пад зваротам у падтрымку. “Некаторыя імёны і прозьвішчы студэнтаў, што пад ціскам былі вымушаны адклікаць свае подпісы, наўпрост перакрэсьлены – няхай спадар Абламейка (рэктар універсітэту) пабачыць вынік працы адміністрацыі юрыдычнага факультэта і студэнцкага інтэрната", - распавяла Т.Шапуцька.