viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе спынення крымінальнай справы супраць Івана Міхайлава

2010 2010-01-12T14:45:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Права грамадзянаў на альтэрнатыўную службу вынікае з арт. 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дадзеным артыкулам Асноўнага Закона краіны прадугледжана, што абарона Рэспублікі Беларусь з’яўляецца абавязкам і свяшчэнным доўгам яе грамадзіна. Парадак прахаджоння вайсковай службы, падставы і ўмовы яе замены на альтэрнатыўную службу вызначаюцца законам.

Такім чынам, Канстытуцыя не разглядае вайсковую службу ў якасці адзінай і безумоўнай, паколькі прадугледжвае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы альбо замену яе на альтэрнатыўную.

Адпаведна, Кансытуцыя прадугледжвае права грамадзяніна на выкананне свайго абавязку і свяшчэннага доўгу па абароне Радзімы ў формах, прадугледжаных Асноўным Законам, у тым ліку і шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы.

У адпаведнасці з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 г. “Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” законы, указаныя ў Канстытуцыі, неабходна было прыняць на працягу двух гадоў пасля ўступлення яе ў сілу, гэта значыць да 30 сакавіка 1996 г.

Аднак, ні Вярхоўны Савет 12 склікання, ні Вярхоўны Савет 13 склікання не выканалі гэтага патрабавання і не вырашылі пытанні аб падставах і ўмовах замены вайсковай службы альтэрантыўнай і парадку яе праходжання шляхам прыняцця спецыяльнага закона.

Пры гэтым, трэба адзначыць, што арт. 57 Канстытуцыі захаваўся ў першаснай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. і пасля прынятых на рэферэндумах 1996 г.і 2004 г. зменаў у Канстытуцыю. Ніякіх номраў, якія дазвалялі б парламенту адтэрмінаваць на заканадаўчым узроўні рэалізацыю арт. 57 Канстытуцыі ў частцы замены праходжання вайсковай службы альтэрнатыўнай, у Канстытуцыі няма. Нягледзячы на гэта, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь дагэтуль не прыняў Закона, скіраванага на рэалізацыю дадзенага артыкула Канстытуцыі.

Адмаўленне праходжання вайсковай службы па матывах сумлення (рэлігійных і іншых пераканнях) закранае іншыя правы асобы,  гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, ратыфікаванымі краінай.

Так, у адпаведнасці з арт. 31 Канстытуцыі Беларусі кожны мае права самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, адзінаасобна ці сумесна з іншымі спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай, выражаць ці распаўсюджваць свае перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Гэтыя правы гарантаваныя і нормамі міжнароднага права, прыярытэт якіх прызнае Рэспубліка Беларусь – Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнродным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Права кожнага на адмову ад вайсковай службы па перакананнях сумлення было прызнана і Саветам па правах чалавека ААН.

Такое права грамадзянаў Беларусі было прызнана і ў Белаурсі. У Рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2000 г. “Аб некаторых пытаннях рэалізацыі артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” гаворыцца:

  1. Адзначыць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці с Канстытуцыяй маюць права, у прыватансці, па рэлігійных перакананнях на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай, якое павінна быць забяспечана дзейсным механізмам яго рэалізацыі. У сувязі з гэтым лічыць неадкладным прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе ці ўнясенні неабходных зменаў і дапаўненняў у Закон “Аб усеагульным вайсковым абавязку і вайсковай службе” з мэтай вызначэння механізма рэалізацыі права на альтэрнатыўную службу. На перыяд да рашэння на заканадаўчым узроўні пытанняў аб падставах і ўмовах замены вайсковай службы альтэрнатыўнай і парадку яе парходжання згадзіцца, з улікам выключнасці абставінаў, з практыкай стварэння кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з арт. 31, 57, 59 і іншымі артыкуламі Канстытуцыі ўмоваў для выканання грамадзянамі Рэспублікі Беларусь ускладзеных на іх абавязкаў па абароне Рэспублікі Белаурсь у тых формах, якія не парушаюць іх рэлігійных перакананняў.
  2. Пры вырашэнні кампетэнтнымі дязржаўнымі органамі пытанняў аб адказнасці за ўхіленне ад праходжання вайсковай службы неабходна вызначаць, у якой ступені тыя ці іншыя дзеянні грамадзяніна звязаныя з рэалізацыяй ім свайго канстытуцыйнага права на праходжанне вайсковай службы альтэрнатўынай альбо з адмовай ад праходжання вайсковай службы ў такіх умовах, якія не забяспечваюць павагу яго рэлігійных пераканняў. У кожным канкрэтным выпадку гэтымі органамі павінны быць прынятыя ўсе меры для ўсебаковага і належнага вывучэння ўсіх абставінаў справы як ў мэтах забеспячэння правоў і свабодаў грамадзян, якія жадаюць выканаць свой абавязак па абароне Рэспублікі Беларусь у іншых дазволеных формах, так і ў мэтах выключэння злоўжыванняў з боку некаторых асобаў, якія такім чынам маюць намер ухіліцца ад вайсковай службы.

У звязку з вышэй згаданым, Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць поўнае права адмовіцца ад праходжання вайсковай службы па перакананнях сумлення і патрабаваць забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць недапушчальным крымінальны пераслед асобаў, якія  заявілі аб адмаўленні ад праходжання вайсковай службы па рэлігійных матывах і гатоўнасці прайсці альтэрнатыўную службу. Крымінальны пераслед такіх асобаў з’яўляецца парушэннем правоў чалавека.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе неадкладанага вызвалення Івана Міхайлава і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе ад Нацыянальнага сходу Беларусі неадкладанага прыняцця закона аб альтэрнатыўнай службе як практычнага механізма рэалізацыі артыкула 57 Канстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства