Горадня Выйшаў першы нумар часопіса “Magazyn Polski”, як пазначана на вокладцы “у эміграцыі”.
Пра гата паведамляе Радыё Свабода. Сёньня часопіс трапіў да чытачоў у Беларусі. Ён надрукаваны ў Польшчы накладам дзьве тысячы асобнікаў. “Magazyn Polski” раней выдаваў у Горадні Саюз палякаў. Цяперашняе выданьне зроблена прыхільнікамі Анжалікі Борыс, яго галоўны рэдактар — Андрэй Пачобут.
Андрэй Пачобут стаў галоўным рэдактарам “Magazynа Polskiego” пры старшыні Саюзу палякаў Анжаліцы Борыс паўгады таму. Аднак яму не ўдалося выпусьціць у Беларусі аніводнага нумару. Мін’юст абвесьціў Анжаліку Борыс нелегітымнай, і ўлады пачалі змагацца з яе прыхільнікамі.
(Пачобут:) “Я быў прызначаны галоўным рэдактарам “Magazynа Polskiego”, аднак ва ўмовах супрацьстаяньня паміж Саюзам палякаў і ўладамі выдаць
“Magazyn Polski” так і не атрымалася. Сёньня наш Саюз палякаў ня можа друкаваць у Беларусі свае выданьні, так як і незалежная беларуская прэса. Таму “Magazyn Polski” быў выдадзены ў Польшчы пры дапамозе нашых сяброў з партыі “Закон і справядлівасьць”.
На вокладцы першага нумару “Magazynа Polskiego” “у эміграцыі” — партрэт Анжалікі Борыс, таксама надрукавана інтэрвію зь ёю. Гэты часопіс адрозьніваецца ад таго, які выдае афіцыйны Саюзу палякаў. Афіцыйнае выданьне мае гісторыка-культурніцкі, карязнаўчы характар. Новы часопіс выглядае як грамадзка-палітычны. У рэдакцыйным артыкуле Андрэй Пачобут піша пра паступовае задушэньне незалежнай прэсы ў Беларусі, называючы закрытыя газэты — “Свабоду”, “Навіны”, “Пагоню”, “День”, “Биржу ?#152;нформации” ды іншыя.
У часопісе апавядаецца пра сёньняшні перасьлед палякаў у Беларусі, а таксама пра палітычных вязьняў. Зьмешчаны матэрыял “Аляксандар супраць Аляксандра” — пра адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах гарадзенца Аляксандра Мілінкевіча. Значную частку матэрыялаў нумару падрыхтавалі сам Андрэй Пачобут і ягоны калега –галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna” Анджэй Пісальнік.