viasna on patreon

Сяргей Мацкевіч на практыцы праверыць істотнасьць зьменаў у Выбарчым кодэксе

2010 2010-01-25T09:36:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/asamblejanda2.jpg

Кіраўнік Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч вылучаны ў Менскую выбарчую камісію. Грамадзкі лідэр намераны праверыць на практыцы істотнасьць анансаваных зьменаў у Выбарчым кодэксе.

Сьпікер Форума грамадзянскае супольнасьці краінаў Усходняга партнэрства Сяргей Мацкевіч плянуе ўвайсьці ў склад Менскай гарадзкой выбарчай камісіі. Вылучэньне было зьдзейсьненае выбаршчыкамі, якія пражываюць на тэрыторыі Менску, шляхам збора подпісаў. Усе неабходныя дакумэнты перададзеныя ў Менгарвыканкам 23 студзеня. Таксама выбаршчыкі заявілі хадайніцтва аб запрашэньні іх прадстаўніка на пасяджэньне, на якім будзе прынятае рашэньне  аб складзе камісіі.

Экспэрт Юры Чавусаў паведаміў, што “рашэньне аб фармаваньні Менскай гарадзкой выбарчай камісіі мусіць быць прынятае на сумесным пасяджэньні Прэзыдыюма Менскага гарвыканкама і Прэзыдыюма Менскага гарсавета не пазьней за 29 студзеня”. Адпаведна, для падачы заявак на ўдзел у працы выбарчай камісіі засталося некалькі дзён.

Афіцыйны сьпікер Форума грамадзянскае супольнасьці Сяргей Мацкевіч мяркуе, што рашэньні ўладаў аб уключэньні альбо неўключэньні прадстаўнікоў дэмакратычных аб’яднаньняў у склады выбарчых камісіяў будзе сьведчыць пра сапраўднае стаўленьне дзяржавы да грамадзянскае супольнасьці. “Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі Асамблея НДА ініцыявала вылучэньне 1100 прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў у выбарчыя камісіі, зь якіх толькі шэсьць асобаў былі зацьверджаныя. На дадзены момант усё паказвае на тое, што на мясцовых выбарах мы будзем мець падобныя шансы”, -- зазначыў Сяргей  Мацкевіч. 

Цікавы факт: Сяргей Мацкевіч зарэгістраваны ў журнале вылучэньняў пад нумарам тры. Першымі заяўку на ўдзел у выбарчай камісіі зрабілі прадстаўнікі партыі БНФ, пад нумарам два – ГА БНФ “Адраджэньне”.

Этап фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, да якіх належыць і Менская гарадзкая выбарчая камісія, зьяўляецца адным з пачатковых этапаў электаральнай кампаніі у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га скліканьня. Выснову пра дэмакратычнасьць і празрыстасьць электаральнага працэсу можна будзе зрабіць на падставе таго, ці будуць уключаныя ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікі грамадзянскае супольнасьці і палітычных партыяў. Мясцовыя выбары адбудуцца 25 красавіка 2010 года. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства