У Беластоку адбылося паседжанне Галоўнай Рады Саюза палякаў Беларусі(СПБ) на чале з старшынёй СПБ Анжалікай Борыс, якая перад гэтым была затрыманая на мяжы супрацоўнікамі памежных войск Беларусі.
У інтэрв’ю польскаму тэлебачанню TVP-1 непрызнаваная беларускімі ўладамі старшыня СПБ Анжаліка Борыс заявіла: «Беларускія спецслужбы дзейнічаюць, таму паседжанне Галоўнай Рады рыхтавалася ў таямніцы».
Як паведаміў ПАГОНІ прэсавы сакратар СПБ Анджэй Пісальнік, у Беласток прыехала 18 з 35 сяброў Рады СПБ. Такім чынам сабраўся правамоцны кворум дзеля абмяркавання актуальных праблем арганізацыі.
– Гэта ўжо другое паседжанне Галоўнай Рады пасля з’езду СПБ у Ваўкавыску, – каментуе падзею Анджэй Пісальнік. – На яго прыехалі ў асноўным кіраўнікі рэгіянальных суполак з розных куткоў Беларусі дзеля абмену інфамацыяй і сустрэчы з кіраўніком “Вспульноты Польскай” маршалкам Анджэем Стэльмахоўскім.
Па словах Анджэя Пісальніка, актывісты Саюза палякаў з рэгіёнаў пазбаўленыя магчымасці свабодна кантактаваць паміж сабой, а ўлады ў Беларусі не дазволілі б сабрацца прадстаўнікам
Галоўнай Рады СПБ. Таму, у мэтах бяспекі, вырашана было правесці паседжанне Галоўнай Рады ў Беластоку.