Судовыя выканаўцы тэрарызуюць бацькоў Насты Машчавай
Другі дзень запар судовыя выканаўцы спрабуюць патрапіць у кватэру, дзе разам з бацькамі пражывае актывістка “Маладой Беларусі” Наста Машчава. Сёньня ў другой палове дня яны разам з тэлежурналістамі БТ патрапілі ў кватэру.Нагадаем, што 4 снежня Машчаву пакаралі на 30 базавых велічыняў у судзе Завадзкога раёну Менску за ўдзел у акцыі. Пад час пэрфомэнсу 2 сьнежня каля ўнівэрмагу “Беларусь” дзяўчына рабіла фатаздымкі. У судзе ёй патлумачылі, што яна ня мела права фатаграфаваць без акрэдытацыі.
Як паведаміла Наста, 26 студзеня яна нібыта дамовілася з судовым выканаўцам пра адтэрміноўку выплату штрафу, аднак сёньня яны з’явіліся зноў, каб перапісаць маёмасьць Насты.
Разам з тым, што судовыя выканаўцы намагаюцца прымусіць дзяўчыну сплаціць адміністрацыйны штраф, які быў прысуджаны за ўдзел у акцыі, да справы далучыліся “бэтэшныя” стваральнікі “апазіцыйных страшылак” для запалоханага электарату.
2 сьнежня актывісты “Маладой Беларусі” каля ўнівэрмагу “Беларусь” усталявалі стэнд з намаляваным на ім чалавекам з вусамі. Пад карыкатурай подпіс: “Ня любіш рэжым — кінь у мяне”. Побач са стэндам паставілі скрыню зь яйкамі.