Загадкавае фармаванне Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі: а ці было паседжанне?
Бярозаўскія праваабаронцы сабралі 20 подпісаў і такім чынам вылучылі ад грамадзянаў 2-х прадстаўнікоў у склад Бярозаўскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў: спн. Тамару Шчапёткіну з Бярозы і сябра Партыі БНФ сп. Кастуся Дзенісеню з Белаазёрску. Подпісы былі здадзеныя спн. Т. Шчапёткінай у аргаддзел Бярозаўскага райвыканкаму 26 студзеня, дзе вылучэнцы былі зарэгістраваныя пад нумарамі 14 і 15.
Супрацоўнікі райвыканкаму вельмі ветліва размаўлялі са спн. Шчапёткінай, але яны “ня ведалі”, калі павінна адбыцца сумеснае паседжанне прэзідыума райсавета і райвыканкама. “Ня ведалі” ці проста не падымалі тэлефоны (з вызначальнікам нумару) і амаль увесь дзень 27 студзеня (было зроблена больш за 50 званкоў). Кіраўнік аргаддзелу Бярозаўскага райвыканкаму сп. Мшар з раніцы 27 студзеня паведаміў спн. Т. Шчапёткінай, што, магчыма, нешта будзе вядома да канца дня, але на працягу дня ён не падымаў трубкі. А перад 17:00 паведаміў, што яго нядаўна раптоўна вызвалі са спісамі вылучэнцаў і ўжо стварылі выбарчую камісію. Пры гэтым ён сказаў, што ў яе не ўключылі спн. Т. Шчапёткіну і сп. К. Дзенісеню. Невядома, было ў сапраўднасьці тое сумеснае паседжаньне прэзідыума райсавета і райвыканкама, ці, верагодна, рашэньне прымалася аднаасобна?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”