viasna on patreon

Праваабаронцы прапануюць пашырыць “сьпісы Брусэля”

2005 2005-11-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 лістапада ў Брусэлі міністры замежных справаў Эўразьвязу ўхвалілі заяву, у якой папярэджваюць Беларусь аб магчымасьці ўвядзеньня санкцыяў, калі наступныя прэзідэнцкія выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі.

У дачыненьні да шэрагу афіцыйных асобаў Беларусі ўжо дзейнічаюць візавыя санкцыі Эўразьвязу. Забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу тычыцца Віктара Шэймана, Юры Сівакова, Уладзіміра Навумава, Зьмітра Паўлічэнкі, якіх падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня вядомых апазыцыйных дзеячаў. Апроч іх , у гэты сьпіс патрапіла старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына як адказная за фальшаваньне парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году. Патрапіў у чорны сьпіс таксама камандзір менскага АМАПу Юры Падабед, якога вінавацяць у разгоне мірных акцыяў пратэсту. Аднак праваабаронцы лічаць: гэты сьпіс надта кароткі.
Вядомы менскі праваабаронца Гары Паганяйла ў інтэрвію радыё Свабода сказаў: “Мы хацелі б пашырыць кола службовых асобаў, на якіх можна было б распаўсюдзіць візавыя абмежаваньні. У прыватнасьці, на судзьдзяў, пракурораў, высокапастаўленых супрацоўнікаў міліцыі, якія прымаюць незаконныя рашэньні наконт мірных дэманстрацыяў, падвяргаюць грамадзянаў вялізным штрафам альбо адміністратыўным арыштам”.
Напрыканцы верасьня Эўрапарлямант прыняў адмысловую рэзалюцыю, у якой былі агучаныя планы распачаць працэдуру ўнясеньня прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адказных за перасьлед журналістаў, апазыцыйных дзеячоў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў і г.д., у сьпіс асобаў, на якіх пашыраецца візавая забарона. Як вынікае з дакумэнта, эўрапейскія краіны выказалі намер зьвярнуць асаблівую ўвагу на праваабарончыя праблемы ў Беларусі. У рэзалюцыі, напрыклад, гаварылася, што заміж выпраўленьня сытуацыі ў сфэры правоў чалавека, адбываецца яе далейшае пагаршэньне. Сябра ПЦ “Вясна” г. Барысава Ігар Леднік тлумачыць: “Для праваабаронцаў вельмі важна, каб наша праца, праца праваабаронцаў, не была марнай. Гэта, як я лічу, можа быць толькі тады, калі тыя, хто сёньня парушае закон, будуць ведаць пра будучую адказнасьць. Калі мы будзем змагацца толькі ў сваёй краіне, гэта вельмі цяжкая справа. І я лічу, што тыя краіны, дзе павага да правоў чалавека вышэй, яны павінны будуць ацэньваць і дзеяньні тых памагатых рэжыму, якія робяць ціск на палітыкаў, на незалежныя СМІ. І яны будуць усё рабіць, каб у дачыненьні да гэтых асобаў распаўсюдзіўся мэханізм візавых абмежаваньняў. У такім узаемадзеяньні з заходнімі краінамі значна палепшыцца сытуацыя з правамі чалавека і ў нашай краіне”.
На думку праваабаронцы Ігара Ледніка, візавыя абмежаваньні павінны тычыцца найперш асобаў, датычных да перасьледу незалежных мас-мэдыяў, у прыватнасьці, газэты “Народная воля”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства