viasna on patreon

Беларускія палякі ігнаруюць "афіцыйны" СПБ

2005 2005-11-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 лістапада ў мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну ў сельсавеце павінна была адбыцца сустрэча сяброў Саюзу палякаў зь Юзафам Лучнікам — кіраўніком СПБ, якога прызнаюць улады. Пра сустрэчу з кіраўніком афіцыйнага Саюзу палякаў паведамлялі абвесткі, некаторых запрашалі ў сельсавет асабіста, аднак жыхары мястэчка па сутнасьці праігнаравалі мерапрыемства: сустрэцца з ім прыйшлі толькі два чалавекі. У Сапоцкіне большасьць насельніцтва палякі, але яны па-ранейшаму падтрымліваюць дэмакратычна абранага старшыню СПБ Анжаліку Борыс, не прызнаную беларускімі ўладамі.

У Сапоцкіне быў былы вучань Юзафа Лучніка, а зараз намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які стаў сьведкам таго, як людзі не прыйшлі на спатканьне з кіраўніком афіцыйнага Саюзу палякаў: “Я сказаў спадару Лучніку тое, што хацеў сказаць: ён хоча навязаць людзям зноў нейкія камуністычныя ідэалы што датычыць сытуацыі, калі дзяржава сама вырашае за грамадзянаў што рабіць з такой грамадзкай арганізацыяй як Саюз палякаў. Думаю, вельмі добра, што гэта пачуў і ён, і тыя людзі, якія там былі, у тым ліку галоўны рэдактар газэты, якую яны забралі ў Саюза палякаў на чале з Борыс”.

Яраслаў Раманчук, а таксама ягоныя бацькі зьяўляюцца сябрамі Саюзу палякаў. Ён лічыць, што ў Сапоцкіне і ў іншых месцах шмат хто па-ранейшаму атаясамлівае Саюз палякаў з Анжалікай Борыс, якую абралі дэмакратычным чынам дэлегаты 6-га зьезду паўгоду таму.

Адзін з актывістаў Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс Андрэй Пачобут так ацэньвае падзею: “Сапоцкін — гэта мясьціна, дзе амаль усе ведаюць Лучніка, таму што ён там працаваў дырэктарам школы, быў таксама дырэктарам школы ў Сонічах. Да апошніх падзеяў ён меў там пэўны аўтарытэт, які, дарэчы, улада выкарыстоўвала падчас падрыхтоўкі да ваўкавыскага зьезду. Аднак сёньня гэтыя людзі, якія, скажам, яшчэ нядаўна віталіся з Лучнікам, адводзяць вочы і ня хочуць зь ім размаўляць”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства