viasna on patreon

Неўключэнне ў тэрытарыяльныя камісіі сяброў Партыі БНФ і АГП суды Мінска і Гомеля лічаць законным

2010 2010-02-04T16:39:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінск

3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе адбыліся паседжанні, на якіх былі заслуханы справы па падачы скаргаў ад грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ на адмову іх кандыдатам адпаведна Юрасю Чавусаву і Уладзіміру Лабковічу ва ўключэнні ў склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі.

Азнаёміўшыся з рашэннем прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, суд заявіў, што падставы адмяняць гэтае рашэнне няма. Як высветлілася на разглядзе справы аб адмове кандыдату ад Партыі БНФ, афіцыйнай прычынай адхілення кандыдатуры Уладзіміра Лабковіча стала тое, што ён з’яўляецца беспрацоўным.

– Суд палічыў прыведзеныя выканаўчым камітэтам аргументы слушнымі, хаця ў такой жа сітуацыі знаходзяцца і іншыя кандыдаты, якія ўвайшлі ў склад гарадской камісіі, – адзначыў Вадзім Канапацкі, намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. – Кандыдат ад Мінскай гарадской арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі, напрыклад таксама беспрацоўны. Хтосьці ўвогуле не пазначаў ніякага месца працы.

Прадстаўнікі БНФ выказалі свае заўвагі па іншых кандыдатах суду, але ў адказ пачулі меркаванне, што гэта нязначныя парушэнні, якія не даюць падставы адмовіць ва ўключэнні ў камісію. На другое паседжане па слуханню справы аб адхіленні кандыдатуры Юрася Чавусава прадстаўнікі БНФ і сам кандыдат увогуле не пайшлі, палічыўшы гэта марнаваннем часу, бо ніякіх станоўчых вынікаў для сябе не бачылі.

-- Атрымліваецца, што адным можна парушаць закон, а іншых усімі сіламі стараюцца не дапусціць да ўлады, так што сёння гэта былі проста рытуальныя пляскі, а не разгляданне справы, – дадаў Вадзім Канапацкі.

Гомель

4 лютага Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова на рашэнне прэзідыума аблсавета і аблвыканкама аб утварэнні абласной выбарчай камісіі. Старшыня арганізацыі АГП скардзіўся на неўключэнне ў склад камісіі па выбарах сябра АГП Святланы Гальдадэ — былой старшыні гарсавета дэпутатаў і былой старшыні гарвыканкама. Суд прыйшоў да высновы, что рашэнне прынята ў адпаведнасці з законам, і парушэнняў заканадаўства пры ўтварэнні камісіі не выявіў. Васіль Палякоў заўважыў, што пры стварэнні камісіі галасаванне за прапанаваных прэтэндэнтаў адбывалася па спісе, а кандыдатуры не абмяркоўваліся наогул.

2 лютага аналагічнае рашэнне на скаргу гарадской арганізацыі АГП прыняў суд Цэнтральнага раена Гомеля. Прадстаўніца гарвыканкама даводзіла суду, па словах старшыні гарадской арганізацыі АГП Андрэя Толчына, что стварэнне камісіі праходзіла як ніколі «дэмакратычна», за кандыдатаў у камісію «нават галасавалі», і «галасавалі за тых, хто быў зацверджаны ў спісе». Гарадская арганізацыя АГП у якасці кандыдата на ўключэнне ў склад гарадской выбарчай камісіі прадстаўляла Юрыя Варонежцава — былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, кандыдата тэхнічных навук. Ен не быў уключаны ў склад камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства