viasna on patreon

Суд над Алегам Сурганам

2010 2010-02-10T09:40:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/surgan-a.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Суд па справе Алега Сургана працягнецца сёння ў 10 гадзін раніцы. Учора судовае паседжанне ў Кастрычніцкім судзе Віцебска цягнулася тры гадзіны.

 

Як паведаміла прэсавай службе БХД кіраўніца Віцебскай арганізацыі БХД Таццяна Севярынец, адвакат Сургана Вячаслаў Праскаловіч заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні суду інфармацыі па выкліку двух машынаў хуткай дапамогі да падсуднага ў той час, калі ён  знаходзіўся ў Кастрычніцкім РАУС 3 верасня.

Паводле Алега Сургана, міліцыянты Дудкевіч і Мандрын здекваліся над ім і абражалі ягоную чалавечую годнасць. Адным са здекаў было тое, што Сургана падвесілі за кайданкі, у выніку чаго ён страціў прытомнасць. Менавіта гэты факт павінна была зафіксаваць брыгада хуткай дапамогі.

Сёння суд апытаў шэсць сведкаў. Сярод іх – міліцыянты, што затрымлівалі Алега Сургана Мандрын і Дудкевіч. Апошні заўляе аб тым, што Алег нібыта ўкусіў яго за палец падчас затрымання. Паводле міліцыянтаў, на прыпынку грамадзкага транспарту каля мэдычнага ўнівэрсытэту Алег Сурган піў і лаяўся. Паколькі пры ім не было дакументаў, міліцыянты “прапанавалі” паехаць у РАУС. Алег Сурган амовіўся, і супрацоўнікі міліцыі былі “вымушаныя” даставіць “парушальніка” у РАУС.

Прадавачка з шапіку на тым самым прыпынку сведчыла інакш. Паводле яе словаў, Алег Сурган не піў і не лаяўся, а міліцыянты абыходзіліся з ім вельмі груба, і пры затрыманні паклалі яго на зямлю “тварам у лужу”.

 Алег Сурган таксама паведаміў, што ў адзяленне міліцыі яго везлі на падлозее аўтамабілю, пры гэтым ногі абодвух міліцыянтаў знаходзіліся на ягоным целе.

 Нагадаем, Віцебскага дэмакратычнага актывіста вінавацяць у супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу. Ад 28 студзеня ён знаходзіцца ў СІЗА №2 Віцебска. 1 лютага ў Кастрычніцкім судзе адбылося першае паседжанне суду па гэтай справе. Алег Сурган заявіў адваката, і суд быў перанесены. Суддзя Алег Буруноў адмовіў у хадайніцтве змяніць меру пакарання і вызваліць актывіста пад падпіску аб нявыяздзе.

Сёння суд апытае сябру Алега Сургана Сяргея Каваленку, малодшага брата Тараса, затрыманага 3 верасня разам з Алегам, і дачку Кацярыну.

Інцыдэнт, які разглядае суд, адбыўся яшчэ летась 3 верасьня. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса Сургана міліцыянты затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту каля мэдычнага ўнівэрсытэту, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

Міліцыянты яго затрымалі, і ў пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РАУС, было запісана, што ён не падпарадкоўваўся міліцыянтам, а аднаго зь іх укусіў за палец.

Па словах Алега Сургана, першапачаткова складзены пратакол аб вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга некуды зьнік. А ў другім было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане і нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства