Чарговы суд за патрабаваньне альтэрнатыўнай службы
11 лютага 2010 году адбудзецца суд па справе Яўгена Якавенкі, які з матываў сумленьня адмаўляецца праходзіць тэрміновую воінскую службу і настойвае на прызначэньні яму альтэрнатыўнай службы. Ён абвінавачваецца ў няяўцы на мерапрыемствы прызыву на воінскую службу. Яўген Якавенка — 25-гадовы гамяльчук, актывіст БХД — 2 лютага 2010 году падаў у гарадзкі ваенкамат трэцюю па ліку заяву аб праходжаньні альтэрнатыўнай службы. Ён таксама патрабаваў, каб позвы былі на дзяржаўнай беларускай мове.
14 студзеня 2010 г. людзі ў цывільным і міліцыя гвалтам даставілі Якавенку ў ваенкамат, дзе яго папярэдзілі аб магчымасьці крымінальнай адказнасьці паводле часткі 1 арт.435 КК РБ за ўхіленьне ад прызыву. Пасьля гэтага маладога чалавека адпусьцілі. Падпісаць позву Якавенка адмовіўся, бо яе прадставілі не на беларускай мове.
Учора ўвечары стала вядома, што 11 лютага 2010 г. Якавенку будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля паводле арт. 25.1.3 “Няяўка без паважных прычын на мерапрыемствы прызыву на воінскую службу паводле позвы”.
Маладому чалавеку пагражае штраф у памеры да 5 базавых велічынь.
Судовае паседжаньне прызначана на 14.30, — паведамляе маніторынгавая група грамадзянскай кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі”.