Івянецкія палякі рыхтуюць зварот у суд з нагоды захопу Дома польскага
У Гродне прайшла акцыя непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі. Як паведаміў Еўрарадыё актывіст арганізацыі Андрэй Пачобут, у ёй прынялі ўдзел каля 300 чалавек.
Акцыя адбылася каля будынка Дома польскага, які ў 2005 годзе захапіў гродзенскі АМАП і перадаў афіцыйнаму крылу Саюзу палякаў. Мэта акцыі была падтрымка палякаў у Івянцы. Па словах Пачобута, івянецкія сябры Саюзу палякаў зараз адчуваюць моцны ціск з боку ўладаў.
Пачобут: Мэта - прымусіць іх не падпісваць зварот да суда. Справа ў тым, што палякі Івянца збіраюць подпісы, каб Дом польскі застаўся за Саюзам палякаў, каб старшыня пані Тэрэса Собаль магла там быць, каб надалей захоўваўся грамадска-культурны цэнтр, якім быў Дом польскі.
Па словах Пачобута, тым, хто падпісваецца пад зваротам у суд, улады пагражаюць звальненнем з працы.
На мітынгу прагучаў заклік да сяброў Саюза палякаў ехаць у панядзелак 15 лютага ў Валожын, дзе пройдзе суд. Праз судовы працэс улады вырашылі законам аформіць той захоп Дома польскага ў Івянцы, які фактычна адбыўся 8 лютага.
Самога Андрэя Пачобута сёння за гадзіну да акцыі ў Гродне афіцыйна папярэдзілі міліцыянты за падрыхтоўку несанкцыяванай акцыі. Далейшых наступстваў, аднак, гэтае папярэджанне пакуль не мела.