viasna on patreon

Ярмошына: кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Cаветаў вылучаюць актыўна

2010 2010-02-19T08:50:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kiraunictva_cvk.jpg

18 лютага старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам, што вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Cаветаў праходзіць актыўна, піша БелаПАН.

"Ужо цяпер па Менску ва ўсіх выбарчых акругах пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў", — сказала яна.

Па словах Ярмошынай, прэтэндэнтамі вылучаюцца "галоўным чынам прадпрымальнікі: індывідуальныя або кіраўнікі акцыянерных таварыстваў, іншых недзяржаўных прадпрыемстваў".

Падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатаў завершылася 18 лютага. На працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў групы павінны быць зарэгістраваны.

Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, на 16 лютага (другі дзень прыёму заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў) было пададзена 3,5 тысячы дакументаў. Штодня ЦВК звесткі пра колькасць пададзеных дакументаў не збіраў, дадаў Лазавік.

16 сакавіка пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.

На  паседжанні 18 лютага Цэнтравыбаркам вызначыў пералік памылак пры падачы дэкларацый, якія пацягнуць адмову ў рэгістрацыі. Гэта можа здарыцца, калі: паказаная ў дэкларацыі сума гадавога прыбытку будзе на 10% менш за рэальнубю; у дэкларацыі будуць адсутнічаць звесткі пра наяўныя ва ўласнасці нерухомасць, транспартныя сродкі, каштоўныя паперы; будуць адсутнічаць звесткі пра долю ва ўстаўным фондзе юрыдычных асобаў, непацверджаную акцыямі.

Ярмошына прызнала, што падчас папярэдніх выбарчых кампаній некаторыя выбарчыя камісіі "жорстка падыходзілі" да прэтэндэнтаў: "За ненаўмысныя памылкі, тэхнічныя памылкі асобныя людзі не маглі ўдзельнічаць у выбарах. Хоць фармальна рашэнні камісій былі правільнымі".

Цяпер, па яе словах, "калі памылка прэтэндэнта пры складанні дэкларацыі будзе ненаўмыснай, ён будзе зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты".

Кіраўніца ЦВК лічыць, што "бедната цяпер становіцца нявыгаднай". "Хутка кандыдаты ў дэпутаты стануць не памяншаць, а завышаць свае прыбыткі", — мяркуе Лідзія Ярмошына.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства