Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, сутнасьць якой заключаецца ў больш жорсткім дзяржаўным кантролі за правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў на грамадзка-палітычныя тэмы і публікацыяй іх вынікаў
Дзяржава робіць больш жорсткім кантроль за правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў на грамадзка-палітычныя тэмы і публікацыяй іх вынікаў. Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў Беларусі, згодна з якой усе сацыялягічныя дасьледаваньні палітычнага характару будзе кантраляваць камісія ў справе апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Яна будзе займацца акрэдытацыяй юрыдычных асобаў, якія прэтэндуюць на правядзеньне апытаньняў грамадзкай думкі, зьвязаных з рэфэрэндумамі, выбарамі прэзыдэнта і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, а таксама грамадзка-палітычнай сытуацыяй у краіне і публікацыі вынікаў дасьледаваньняў у мэдыях.
Камісія мае паўнамоцтвы кантраляваць дзейнасьць сацыялагічных службаў на любых этапах правядзеньня апытаньня, і ў выпадку выяўленьня парушэньняў камісія можа скасаваць акрэдытацыю.
Прадстаўнікі незалежных сацыялагічных інстытутаў і чальцы камісіі, якая будзе даваць дазвол на правядзеньне дасьледаваньняў палітычнага характару, пракаментавалі гэты дакумент радыё Свабода.
Намесьнік старшыні зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў зьвязвае зьяўленьне згаданай пастановы ўраду з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ў наступным годзе: “Улада шукае, якім чынам рэгуляваць правядзеньне сацыялягічных апытаньняў, каб вынікі адпавядалі яе патрабаваньням. Там галоўнае сказана — што камісія, якой даюцца дадатковыя паўнамоцтвы, будзе вызначаць дакладнасьць зьвестак. Як яна гэта можа зрабіць? Ніяк”.
У адпаведнасьці з пастановай ураду, сацыялягічныя інстытуты і цэнтры, якія займаюцца правядзеньнем дасьледаваньняў палітычнага характару, павінны будуць акрэдытавацца ў адпаведнай камісіі пры Акадэміі навук, што натуральна, зойме пэўны час, і ня ўсе здолеюць атрымаць акрэдытацыі, мяркуе Аляксандар Сасноў, а ад такога рашэньня ўраду найперш пацерпіць насельніцтва, якое ня будзе мець дакладнай інфармацыі аб стане грамадзтва.
У складзе камісіі, якая будзе даваць акрэдытацыю, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, які лічыць, што такая пастанова ўраду неабходная: “Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў многія сацыёлягі выказваліся наконт таго, што шмат розных арганізацыяў праводзілі сацыялягічныя дасьледаваньні — прычым, на вельмі нізкім прафэсійным узроўні. Каб не дапусьціць такога, Акадэмія навук прапанавала стварыць камісію, якая б рэглямэнтавала парадак прадстаўленьня права на правядзеньне такіх дасьледаваньняў”.