Рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Не для ўсіх
Увечары 18 лютага завершылася падача дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў, якія пажадалі вылучыцца ў кандыдаты ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў. З рэгіёнаў “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымліваюць інфармацыю, якім чынам ідзе працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп: дзе і па якіх прычынах прэтэндэнты сутыкаюцца з адмовамі, а дзе гэты працэс праходзіць без стратаў.
Магілёўшчына
Падчас стварэння ініцыятыўных групаў дэмакраты Магілёўшчыны падвяргаліся ціску. Пра гэта заявіў каардынатар выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў. “Пакуль не было выпадкаў, каб былі адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Колькі ўсяго прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты давяло працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп – дазнаемся ў бліжэйшы час”, - паведаміў Юры Новікаў, але адзначыў, што вядомыя па меншай меры чатыры выпадкі ціску на сябраў ініцыятыўных групаў.
Так, у Кіраўску прэтэндэнта ў кандыдаты прадпрымальніка Вячаслава Шэлега выклікалі ў райвыканкам і прыгразілі яго бізнэсу ў выпадку, калі ён не адмовіцца балатавацца ў дэпутаты. Сябраў яго ініцыятыўнай групы прывезлі ў райвыканкам і прымусілі пад дыктоўку пісаць заяву аб выхадзе са складу групы. У выніку дзве жанчыны выйшлі з яе, бо пабаяліся згубіць працу (адна працуе медсястрой, другая санітаркай у мясцовым фельдшарска-акушэрскім пункце).
Алесю Анісімаву, сябру партыі БНФ з Магілёва, патэлефанавалі і папярэдзілі, што калі ён не адмовіцца балатавацца ў дэпутаты – яго забяруць у войска. Хлопец не звярнуў увагі на пагрозы і працягвае ўдзел у выбарчай кампаніі.
Магілёвец Андрэй Марозаў, які працуе на РУП “Хімвалакно”, збіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты. Але яго разам з начальнікам запрасілі ў прафкам і сказалі, што па той акрузе, дзе ён збіраецца балатавацца, будзе ісці кіраўнік Кастрычніцкага раёна Магілёва Яўген Лебедзеў. Марозаву “параілі” зняць сваю кандыдатуру, каб не было праблем з працай, і ён зняўся. Калі ж даведаліся, што ён уваходзіць у ініцыятыўную групу сацыял-дэмакрата Аляксандра Ірхо, на яго зноў націснулі - ён быў вымушаны падпарадкавацца.
На загадчыцу клуба з вёскі Сяргеевічы Наталлю Гарыст націснула яе начальства, паставіўшы перад выбарам – балатавацца ў дэпутаты альбо застацца без працы. Жанчына адмовілася ад удзелу ў выбарчай кампаніі.
Нагадаем, што першапачаткова 83 дэмакраты Магілёўшчыны выказалі намер прыняць удзел у выбарах. Ад аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - 31, ад БНФ - 16 , ад АГП - 7, ад БСДП - 6, ад аргкамітэта партыі “Надзея”-1, ад Беларускай партыяй левых “Справядлівы свет” - 6, ад аргкамітэта ПСП - 8, ад аргкамітэта БСДП (НГ) - 2 , ад прафсаюза РЭП - 9, ад Свабоднага прафсаюза Беларускага – 5.
Гомель
19 лютага ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля акруговая выбарчая камісія па Мазураўскай выбарчай акрузе №19 па выбарах у Гомельскі абласны савет дэпутатаў адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы каардынатара Руху «За свабоду» па Гомельскай вобласці Пятра Кузняцова. Прычынай адмовы было названа тое, што ў склад ініцыятыўнай групы ўваходзіць 21 чалавек, у той час калі Выбарчы кодэкс Беларусі ў дадзеным выпадку прадугледжвае колькасць ад 3 да 10 чалавек. П.Кузняцоў не пагадзіўся з рашэннем акруговай камісіі і заявіў, што будзе абскарджваць яго ў Цэнтрвыбаркаме. Ён нагадаў, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы не можа быць перабольшванне колькасці сяброў ініцыятыўнай групы, яна можа быць не зарэгістравана толькі ў тым выпадку, калі колькасць групы складае менш 3 чалавек. П.Кузняцоў адзначыў, што аналагічная сітуацыя пад час гэтых выбараў ужо была з адным прэтэндэнтам у кандыдаты Гомельскага гарадскога Савета, колькасць яго ініцыятыўнай групы складала 17 чалавек. Групу зарэгістравалі, пры гэтым зменшыўшы колькасць сяброў ініцыятыўнай групы.
«На маю думку, камісія проста цягне час і спадзяецца, што я не буду абскарджваць рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі маей ініцыятыўнай групы», - лічыць П.Кузняцоў.
Калінкавічы
У Калінкавічах не зарэгістравалі ініцыятыўную группу па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты каардынатара па стварэнню Партыі БХД па Гомельскай вобласці Тамары Зайцавай. Жанчына мелася ісці кандыдатам у дэпутаты раённага Савета па Сасновай выбарчай акрузе №14. Але пры запаўненні дакументаў каардынатар БХД дапусціла памылку — напісала, па яе словах, не №14, а №12. І таму ей было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. «Я падала дакументы на рэгістрацыю яшчэ 16 лютага. І некалькі разоў прасіла сябраў камісіі праверыць дакладнасць звестак — каб не было дробязных, але ўсе-такі памылак. Яны гэтага не зрабілі, а потым паставілі мяне перад фактам, што маю групу не зарэгістравалі. Такое рашэнне я буду абавязкова абскарджваць у Гомельскую абласную выбарчую камісію», - падкрэсліла Т.Зайцава. Разам з тым была зарэгістравана яе ініцыятыўная група па збору подпісаў за яе вылучэнне ў Гомельскі абласны савет дэпутатаў.
Як паведаміў каардынатар па стварэнню Партыі БХД у Гомелі Кастусь Жукоўскі, у абласным цэнтры рэгістрацыю ініцыятыўных груп на дадзены момант атрымалі 8 сябраў незарэгістраванай партыі, якія плануюць балатавацца ў Гомельскі абласны савет (7 чалавек па выбарчых акругах у Гомелі, і адзін — у Ветцы).
Мазыр
19 лютага адбылася рэгістрацыя ініцыятыўных групаў у Мазырскі райсавет. У Мазырскую раённую камісію паступіла 24 заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Усе яны былі зарэгістраваныя. Сярод іх па адной ініцыятыўнай групе ад сяброў Партыі БНФ, АГП, Руху “За Свабоду”. Зарэгістравана таксама ініцыятыўная група палітжаўнера Франака Вячоркі ў Мазырскі райсавет па Станцыённай выбарчай акрузе №25.
Баранавічы
Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльная выбарчая камісія без абмеркавання зарэгістравала ўсе 44 ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты, 9 з якіх з’яўляюцца актывістамі дэмакратычных палітычных партый і арганізацый.
Пасяджэнне выбарчай камісіі адбылося ў маленькім кабінеце № 103 Баранавіцкага гарвыканкама без удзелу прэтэндэнтаў у кандыдаты і прэсы. На паседжанні камісіі прысутнічаў адзіны назіральнік ад ТБМ Сяргей Гоўша. Па прапанове старшыні камісіі Юрыя Шасцярнёва сябры камісіі адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю ўсіх ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў.
Зарэгістраваны ініцыятыўныя групы 4-х актывістаў БХД, ініцыятыўныя групы сяброў партыі левых “Справядлівы свет” Віктара Цяпіна і Аляксандра Галькевіча, сябра Партыі БНФ прадпрымальніка Віктара Мезяка, прадпрымальніка і сябра АНП Мікалая Чарнавуса, актывіста Руху “За свабоду” Рыгора Грыка. Нават была адзінагалосна зарэгістравана ініцыятыўная група сябра БХД Аляксандра Кабяка, якога нечакана зволілі з працы 18 лютага.
Рыгор Грык, Мікалай Чарнавус і Аляксандр Кабяк зарэгістравалі таксама свае ініцыятыўныя групы па выбарах у Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў.
Рагачоўскі раён
Сябра партыі “Справядлівы свет” пенсіянер Мікалай Фёдаравіч Мельнікаў, які працуе рабочым у Дзіцячай школе мастацтваў г. Рагачова, збіраўся вылучацца кандыдатам у дэпутаты раённага Савета. 16 лютага ён падаў у Рагачоўскую раённую выбарчую камісію заяву на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. На наступны дзень яго выклікаў дырэктар школы мастацтваў і папярэдзіў, што ён, калі хоча працягваць працу, павінен забраць гэтую заяву.
Як распавяла Людміла Кабылянец, партыйны каардынатар выбарчай кампаніі у Рагачове, спачатку Мікалай Мельнікаў адказаў свайму дырэктару, што падумае. І ўжо 19 лютага Мельнікава выклікалі ў раённы аддзел культуры, якому падпарадкоўваецца мастацкая школа. Са словаў Л. Кабылянец, начальнік аддзела Зайцаў Міхаіл Фёдаравіч пад пагрозай звальнення запатрабаваў ад Мельнікава, каб той забраў заяву. Разам з Мельнікавым чыноўнік даслаў у выбарчую камісію інспектара па кадрах, каб той прасачыў, ці сапраўды заява забраная. У камісіі высветлілася, што заява М.Мельнікава нават не была зарэгістраваная. Яе спачатку зарэгістравалі 19 лютага, а затым запісалі, што заява адазваная. Пры гэтым сябры камісіі яшчэ паздзекваліся з Мельнікава: маўляў, чаго той то падае заяву, то забірае.
Такім чынам, у раёне няма ніводнай заявы па вылучэнні прадстаўнікоў ад апазіцыі ў раённы Савет шляхам збору подпісаў.
У вёсцы Гадзілавічы Рагачоўскага раёну прэтэндэнтам у кандыдаты вылучаюць жанчыну ў шаноўным узросце – 70-гадовую Фёклу Паўлюкову. Там зарэгістравана ініцыятыўная група грамадзян, якая мае намер сабраць подпісы за вылучэнне Фёклы Ціханаўны ў дэпутаты Гадзілавіцкага сельскага Савета.
Ф. Паўлюкова з’яўляецца сябрам партыі “Справядлівы свет”. Як распавяла Любоў Прэснякова, актывістка гэтай партыі з Рагачова, зараз Ф. Паўлюкова з’яўляецца адной з давераных асобаў сельсавета. Давераная асоба – гэта грамадская пасада, якая практыкуецца ў Гадзілавіцкім сельсавеце для кантактаў з насельніцтвам. Падчас выбараў 2008 г. у Палату прадстаўнікоў Ф. Паўлюкова ўваходзіла ў мясцовую ўчастковую выбарчую камісію.
Л. Прэснякова паведаміла, што кандыдатура Ф. Паўлюковай – адзіная ў раёне, якая вылучаецца ў сельсавет з ліку сяброў партыі “Справядлівы свет”. Верагодна, што і з іншых дэмакратычных партый у Рагачоўскім раёне ніхто не прэтэндуе стаць дэпутатам сельскага Савета.
Для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты сельскага Савету ініцыятыўная група мусіць сабраць не меней 20 подпісаў выбаршчыкаў, якія жывуць на тэрыторыі той выбарчай акругі, дзе вылучаецца прэтэндэнт. Вылучэнне прэтэндэнтаў вядзецца да 15 сакавіка.
Маладэчна
18 лютага па Цэнтральнай выбарчай акрузе №6 акруговая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні юрыста і эканаміста, сябра АГП Сяргея Балыкіна, які мае намер вылучацца ў дэпутаты Менскага абласнога Савета. Абмеркаванне і галасаванне камісіі заняло не больш за 15 хвілін. Усе сябры камісіі адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю групы за нумарам адзін.
Па стане на 18 лютага, іншых заяваў зарэгістравана не было. З гэтага вынікае, што шляхам збору подпісаў па дадзенай акрузе будзе вылучацца толькі адзін прэтэндэнт. Сяргей Балыкін з’яўляецца кіраўніком Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Падчас сваёй выбарчай кампаніі Балыкін збіраецца звярнуць увагу на сацыяльна-эканамічныя праблемы рэгіёну і прапанаваць сваім выбаршчыкам эфектыўныя шляхі іх вырашэння. Вылучэнне Сяргея Балыкіна падтрымалі мясцовыя прадпрымальнікі, якія ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы. Абласныя Саветы маюць дастатковыя паўнамоцтвы адносна ўсталявання мясцовых налогаў, размеркавання сродкаў бюджэту вобласці, а метавіта гэтыя пытанні цікавяць прадпрымальнікаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”