Барысаўскія ідэолагі сталі дзейнічаць "мудрэй, танчэй і хітрэй"
У барысаўчаніна Зміцера Бабіцкага, дыпламаванага эканаміста, эксперта CASE-Belarus, сябра Партыі БНФ, які вылучаецца ў кандыдаты ў дэпутаты шляхам збору подпісаў у акрузе №15 у гэтай выбарчай кампаніі будзе новы канкурэнт - дырэктар Барысаўскага політэхнічнага каледжа Уладзімір Шмакаў.
Зміцер Бабіцкі ўжо трэці раз спрабуе стаць дэпутатам Барысаўскага Савета. У 2003 годзе яго папросту не зарэгістравалі. У 2007 годзе па папярэдніх выніках ён на некалькі галасоў апярэдзіў свайго канкурэнта, дырэктара транспартнага прадпрыемства "Аўтобусны парк №3" Аляксандра Шкрэдава. Аднак, праз два дні пасля галасавання, барысаўская тэрытарыяльная раённая камісія за зачыненымі дзвярыма "прысудзіла" перамогу Шкрэдаву, у той час як давераная асоба З. Бабіцкага Сяргей Салаш адбываў пяцідзённы арышт.
Зараз, мабыць, мясцовыя ідэолагі вырашылі не рызыкаваць і, улічыўшы рэкамендацыі Пяткевіч, сталі дзейнічаць "мудрэй, танчэй і хітрэй". Новы канкурэнт Бабіцкага - выхадзец з Архангельскай вобласці Уладзімір Шмакаў, - персона зусім не адыёзная. Паводле водгукаў навучэнцаў, адзін з лепшых выкладчыкаў каледжа. У. Шмакаў пакуль збіраецца вылучацца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў, яго ініцыятыўная група зарэгістраваная.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"