Iзноў допыты па справе Сяргея Каваленкі
https://spring96.org./be/news/31667
2010
2010-02-22T21:54:00+0200
2010-02-22T21:54:00+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org./files/images/sources/serabro.jpg
Ва ўправу папярэдняга расьсьледаваньня УУС Віцебскага аблвыканкаму сёньня выклікалі журналіста, рэдактара сайту «Народныя навіны Віцебску» Сяргея Серабро.
Як высьветлілася, справу віцебскага актывіста, які 7 студзеня вывесіў бел-чырваона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы, перадалі новаму сьледчаму, Андрэю Баранаву, — ужо трэцяму пасьля сьледчых-жанчын Тацяны Турлаевай і Аксаны Муравіцкай.Спадар Баранаў распытваў журналіста, наколькі даўно і як добра яны з Сяргеем Каваленкам знаёмыя, і ці ня ведаў Сяргей Серабро загадзя пра плянаваную акцыю са сьцягам. Таксама сьледчы распытваў пра акалічнасьці фатаграфаваньня падзей на плошчы Перамогі ў Віцебску, дзе на ёлцы зьявіўся сьцяг.
Нагадаем, што ў Сяргея Серабро, які фатаграфаваў вывешваньне сьцяга, а потым тое, як яго здымалі супрацоўнікі МНС, міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя. 13 студзеня быў праведзены ператрус у кватэры, якую здымаюць спадар Серабро і ягоная жонка. У прысутнасьці гаспадыні кватэры былі забраныя два кампутары і фотаапарат, якія належалі журналісту. Пра незаконнасьць гэтых дзеяньняў была пададзена скарга ў пракуратуру, і 27 студзеня аргтэхніку вярнулі.
Дарэчы, новы сьледчы ў справе Сяргея Каваленкі амаль што калега дапытанаму сёньня журналісту: у газэту «Віцьбічы» ён піша артыкулы пра раскрыцьцё крымінальных злачынстваў