Антыфа - моладзь супраць экстрэмізму
“Антыфа”. Да такога руху адносяць сябе некаторыя маладыя людзі. І калі сёння той-сёй кажа, што сучасная моладзь не ведае пра тыя жахі, якія прынёс нашай краіне фашызм, антыфа не пагаджаецца з такім меркаваннем. Яны выступаюць супраць экстрэмізму ў любым праяўленні.
Калі мы гаворым пра Дзень абаронцаў Айчыны, то ўшаноўваем вайскоўцаў і проста надзейных, мужных мужчын, якія гатовыя абараніць радзіму, а таксама сваіх жанчын і дзяўчат. А сярод нас, падлеткаў і маладых людзей, жывуць тыя, хто абараняе сваіх равеснікаў ад сённяшніх фашыстаў і экстрэмістаў іншага кшталту.
Карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ” напярэдадні Дня абаронцы Айчыны сустрэлася з такім чалавекам, мяркуючы, што нямногія з нас, асабліва з людзей старэйшага пакалення, ведаюць, хто ж такія антыфа?
Маладзечанцу Яўгену Шчабяраку 21 год. Ён адносіць сябе да антыфа - маладых людзей, якія выступаюць не толькі супраць фашызму.
- Яўген, усё ж патлумач - што такое антыфа?
- Слова “антыфа” ўтворанае ад слова “антыфашызм”. Вядома, што гэта міжнародны рух, які ставіць сваёй мэтай барацьбу з фашызмам. Але сучасны моладзевы рух не звязаны ні з якімі структурамі, якія змагаліся супраць фашызму ў перыяд Другой сусветнай вайны і пасля яе.
У наш час тэрмін “антыфа” аб'ядноўвае маладых людзей, якія выступаюць супраць таго, што яны лічаць фашысцкімі тэндэнцыямі. Акрамя фашызму, сюды адносяць нацыяналізм, расізм, неанацызм, антысемітызм, ксенафобію, шавінізм і ўсё, што можна лічыць дыскрымінацыяй чалавека - па рэлігійнай, нацыянальнай ці палавой прыкмеце.
Антыфа таксама могуць аб'ядноўвацца ў групы па нейкіх агульных інтарэсах. Сярод нас ёсць, напрыклад, футбольныя фанаты.
- А што цяпер сабой уяўляе фанацкі рух у Беларусі?
- Субкультура фанатаў у Беларусі пачала развівацца прыблізна ў 1995 годзе. Пры гэтым тон задавалі правыя. Існавала выразная ўстаноўка: калі ты фанат, то абавязкова абавязаны быць неанацыстам. Гэта значыць, раней усе фанаты былі неанацыстамі. І дзесьці толькі з 2003 года мода на свастыку стала спадаць.
Цяпер усё больш апалітычных хуліганаў. Бывае, сустракаеш на вуліцы людзей, якія раней былі нацыстамі, але зараз ужо апалітычныя. Цешыць тое, што на стадыёнах ужо не так шмат кельцкіх крыжоў. Няма ўжо банараў накшталт "Nazi fans" ці "White power". Яшчэ можна, канешне, убачыць на сектарах "Дынама", "Гомеля" ці віцебскага "Лакаматыва" кельцкія крыжы, але ўсё радзей і радзей.
- Ці канфліктуеце вы са сваімі равеснікамі-апанентамі?
- Паміж рознымі групамі моладзі сутычкі здараюцца. Некаторыя з нашых груп звяртаюцца да незаконных метадаў барацьбы, якія ўключаюць у сябе зрыў, у тым ліку, і гвалтоўнымі метадамі, мерапрыемстваў нацыяналістычных арганізацый, знішчэнне іх сімволікі, атрыбутыкі. Але антыфа не вітае нават такога гвалту. Лічу, што мы павінны проста абараняць і дапамагаць тым нашым равеснікам, на якіх аказваецца ціск з боку экстрэмістаў.
- А як часта здараюцца сутычкі паміж моладзевымі групоўкамі ў Маладзечне?
- Часам здараюцца. Бывалі сутычкі паміж экстрэмістамі-бонамі і антыфа побач з кафэ “Магніт”, але пакуль што асабліва ніхто не пацярпеў.