Таццяна Шапуцька падала ў суд на рэктарат Белдзяржуніверсітэта
Маладафронтаўка абскарджвае сваё адлічэнне, якое лічыць незаконным. Як паведаміла Тацяна ў інтэрв'ю Еўрарадыё, скаргу яна даслала 28 лютага ў Маскоўскі раённы суд сталіцы. Адказчыкам па справе выступае рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сваім адвакатам Шапуцька хацела б бачыць юрыста Гары Паганяйлу, намесніка старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту. Але Паганяйла з 1997 году не мае адвакацкай ліцэнзіі, таму яго, хутчэй за ўсё, будуць запрашаць як прадстаўніка грамадскасці. Акрамя таго, Шапуцька запрашае сведкамі з свайго боку кіраўнікоў юрыдычнага факультэта БДУ, з якога яе адлічылі.
Шапуцька: Цягам літаральна тыдня будуць высланыя позвы мне, сведкам... Я запрашаю ў якасці сведкаў са свайго боку дадаткова дэкана юрфаку і намесніка дэкана, якія, спадзяюся, дакументальна засведчаць, што яны прасілі ў рэктара вымовы.
Нагадаем, што Тацяну Шапуцьку выключылі з БДУ пасля ейнага ўдзелу ў Грамадзянскім форуме Ўсходняга партнёрства. Кіраўніцтва факультэта прасіла пакараць дзяўчыну толькі вымовай, але рэктарат прыняў больш жорсткае рашэнне.
На апошняй маладафронтаўскай вулічнай акцыі - Дні любові 14 лютага праваахоўнікі павалілі Тацяну на зямлю, з-за чаго атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Як паведаміла дзяўчына ў каментары Еўрарадыё, яна яшчэ прымае таблеткі, але пачуваецца значна лепш - галава ёй практычна не баліць.