viasna on patreon

Асамблея НДА: трэцяя спроба зарэгістравацца не ўдалася

2010 2010-03-02T16:21:37+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/asamblejanda2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства юстыцыі ў трэці раз адмовіла “Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў” у рэгістрацыі. Чыноўнікі зь Мінюста вырашылі не арыгінальнічаць, паўтарыўшы тыя самыя, што і ў мінулы раз, прычыны адмовы.Пра гэта паведаміла прэсавая служба Асамблеі  НДА.

Кіраўнік Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч не дачакаўся адказу зь Міністэрства юстыцыі па пошце. Каб убачыць дакумэнт, прадстаўніку асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў давялося самому ісьці забіраць адказ.

Падставы для нерэгістрацыі Асамблеі НДА амаль аналягічныя папярэднім. Па-першае, як і раней, Мінюст лічыць, што “ўмовы аб агульнасьці статутных мэтаў, задачаў і прадмета дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у склад АКГА “Асамблеі НДА”, ня выкананыя”. Па-другое, органу рэгістрацыі падаецца, што “маніторынг, аналіз і ацэнка дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, наогул не адпавядае вызначанай мэце” Асамблеі НДА. Па-трэцяе, назва АКГА “Асамблеі НДА”, паводле чыноўнікаў, “ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе членаў”.

Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў сьцьвярджае, што нічога істотна новага ў адказе Мінюста няма: “орган рэгістрацыі сьцвярджае, што паколькі арганізацыі-заснавальнікі маюць розныя мэты і задачы, то ў іх няма права на стварэньне агульнага саюза. Паводле меркаваньня міністэрства, аб’ядноўвацца ў асацыяцыю могуць толькі тыя грамадзкія аб’яднаньні, якія маюць тоесныя мэты і задачы. Гэтая падстава для адмовы ў рэгістрацыі таксама фігуравала і пры ранейшых спробах рэгістрацыі Асамблеі. Яна не грунтуецца на законе і супярэчыць беларускай практыке стварэньня саюзаў і асацыяцыяў”.

Кіраўнік Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч падкрэсьлівае, што гэтым разам Мінюст, не хаваючыся, выразна і некалькі разоў падкрэсьліў сваю пазыцыю: “Дэмакратычным арганізацыям аб’ядноўвацца ў асацыяцыі нельга. Атрымліваецца, мы пазбаўленыя такога права ў Беларусі”.

Сяргей Мацкевіч заявіў, што ў бліжэйшыя пляны Асамблеі ўваходзіць абскарджаньне рашэньня Мінюста аб нерэгістрацыі асацыяцыі ў судзе.

Нагадаем, Асамблея НДА спрабавала зарэгістравацца тройчы. Так, яшчэ ў 2002 годзе рэгістравальны орган атрымаў пакет дакумэнтаў ад Асамблеі НДА. Для вынясеньня адмоўнага рашэньня ў справе нерэгістрацыі Асамблеі Мінюсту спатрэбілася паўтары гады. У 2009 годзе Асамблея два разы падавала дакумэнты на рэгістрацыю, але, на жаль, безвынікова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства