Моладзь віншавала віцяблянаў з Міжнародным днём студэнтаў
17 лістапада каля Віцебскага тэхналагічнага і Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэтаў моладзевыя актывісты з Клубу “Маладой Грамады” і суполкі "Новая плынь" правялі акцыі, прысьвечаныя Міжнароднаму дню студэнтаў. Яны прапанавалі ўсім ахвотным запісацца ў “вечныя студэнты”, каб захаваць на ўсё жыцьцё імпэт і весялосьць, уласьцівыя кожнаму сапраўднаму студэнту.
Вясёлая акцыя “Запрашаем у Вечныя студэнты!” атрымалася забаўляльнай, як таго і хацелі арганізатары, і ў той самы час мела пэўны грамадзка-палітычны падтэкст. Так, “Вечныя студэнцкія білеты” былі надрукаваныя па-беларуску, а на вокладках былі пазначаныя адрасы інтэрнэт-сайтаў моладзевых арганізацыяў і кантактныя зьвесткі віцебскіх суполак. Як мяркуе лідэр суполкі “Новая плынь” Віталь Броўка, гэта мусіць паспрыяць далучэньню новых людзей да наступных моладзевых праектаў: “Мы спадзяемся, што тыя, хто бачыў нашую акцыю, у найлепшым выпадку далучацца да нас. І ўжо некалькі чалавек, якія ўбачылі нас упершыню, сказалі, што хочуць працягнуць знаёмства, што абавязкова патэлефануюць, зьвяжуцца з намі і прыйдуць на новыя акцыі".