Спэктакль пра насаджанае “двуязычые” пазбавілі афішаў
Прэм’ерныя паказы спэктакля “Translations” у Купалаўскім тэатры засталіся бяз кідкіх зазыўных афішаў. Днямі менская публіка заўважыла, што ў тэатральных касах зьніклі плякаты з выявай дзяўчыны, у якой рот залеплены стужкай, і з надпісам “Translations” (“Пераклады”). Наш карэспандэнт Ігар Карней пераканаўся, што каляровыя фотакаляжы новай пастаноўкі рэжысэра Мікалая Пінігіна сапраўды зьніклі.
У падземным пераходзе на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” ўвесь рэпэртуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы зьмясьціўся на ружовым аркушы фармату А-4. Куды падзеліся заўважныя здалёк афішы з прэм’ернай пастаноўкі “Translations” — касірка ня ведае. Маўляў, асабіста яна расклей ваньнем рэклямных плякатаў не займаецца:
“Ну, чаму няма? Няма, таму што зьнялі. Мабыць, забаранілі…”
Аналягічная сытуацыя — у падземных пераходах да ГУМа і на станцыі “Плошча Якуба Коласа”, дзе шпарка ідзе гандаль канцэртнымі квіткамі. І хоць расклад спэктакляў Купалаўскага тэатру тут ужо ў большым фармаце, аднак дзяўчыны з залепленым ротам таксама няма.
У адміністрацыі тэатру нічога пэўнага пра гэта не сказалі — прынамсі, пісьмовых дакумэнтаў дырэктарат не атрымліваў:
“Ведаеце, ніякіх афіцыйных рэкамэндацыяй наконт гэтага ў тэатар не паступала…”
Аўтар тэатральнай выявы — вядомы беларускі мастак Уладзімер Цэсьлер. Ён зьдзіўлены, што да ягонай працы хтосьці выявіў такую пільную ўвагу:
“Мне ўжо людзі таксама казалі: віселі афішы, а тут раптам няма. Але асабіста я ўвогуле ня бачу там нічога крамольнага. Хутчэй за ўсё, сытуацыя разгортвалася такім чынам. У спэктаклі дзеля таго, каб паказаць, якім чынам у Ірляндыі насаджваецца ангельская мова, артысты — жыхары Ірляндыі — гавораць па-беларуску, а ангельцы размаўляюць па-расейску. І вось гэтая паралель, напэўна, зьявілася нейкім раздражняльнікам. Але, Божа ты мой, знайшлі праблему! Ну, а што зробіш? “Непанятка” выйшла”.
Першыя гледачы “Translations”, сапраўды, адзначаюць актуальнасьць сюжэтнай лініі п’есы ірляндзкага драматурга Брайна Фрыла для сучаснай Беларусі. Ірляндыя, XIX стагодзьдзе. Жыхары невялічкай вёскі Бэйле Бэг жывуць у сваім сьвеце: сям’я, гаспадарка, каханьне, сваркі і хрэсьбіны, невялічкая школка. Але аднойчы ў вёску прыяжджаюць ангельскія вайскоўцы — з мэтай пераўтварыць ірляндзкі Бэйле Бэг у ангельскі Бэлібэг. Насамрэч “Translations” — гэта гісторыя пра калянізацыю Ірляндыі Англіяй, пра тое, як адна мова выціскае другую. На гэтым тле — гісторыя каханьня ангельскага салдата і ірляндзкай дзяўчыны, якія размаўляюць на розных мовах і ня могуць паразумецца. І толькі моц сапраўднага каханьня пераадольвае моўныя бар’еры.
Каго канкрэтна спэктакль насьцярожыў у вышэйшых кабінэтах — можна толькі здагадвацца. Былі падазрэньні, што да рашэньня абмежаваць візуальную рэкляму пастаноўкі мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатру Мікалая Пінігіна прыклала руку Грамадзкая рада па маральнасьці пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, якая нядаўна спрабавала забараніць канцэрт у Менску культавага нямецкага гурту “Рамштайн”. Сам адстаўны міліцэйскі генэрал сёньня бярэ ўдзел у сьвяточных мерапрыемствах з нагоды Дня міліцыі, але ягоны калега па маральнай радзе Аляксандар Мядзьведзь кажа, што ня памятае, каб на нейкім паседжаньні разглядаўся зьмест тэатральных афішаў. Праўда, у любым выпадку меркаваньне арганізацыі мае рэкамэндацыйны характар і высновы яе экспэртаў можна прымаць хіба што да ведама.
У сваю чаргу, у Міністэрстве культуры запэўнілі, што да гэтага факту ведамства ня мае ніякага дачыненьня.