Спыненая справа па выкраданьні Зміцера Дашкевіча
Спынена крымінальная справа па выкраданьню напярэдадні прэзэнтацыі кааліцыі "Новае пакаленьне" Зьмітра Дашкевіча. Старшыня Маладога Фронту атрымаў адказ ад міліцыянтаў, якія вялі сьледзтва па выкраданьню.
Крымінальная справа, дзе Зьміцер зьяўляецца пацярпелым, прыпынена па п.1. ч.1 арт.246 — паведамляецца ў адказе за подпісам старшага дазнавальніка заводзкага РАЎС г. Менска Жабінскага А.М.
Тым ня менш у адказе зазначана: "Комплеск апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высьвятленьне асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, і пошук скрадзенай маёмасьці працягваецца"
"Не было адразу ніякіх спадзеваў, што пры дадзеным рэжыме гэтая крымінальная справа будзе мець іншы вынік" — камэнтуе адказ міліцыянтаў старшыня МФ Зьміцер Дашкевіч.
Нагадаем, 5 сьнежня перад прэзэнтацыяй моладзевай кааліцыі "Новае пакаленьне" аб 11 раніцы Зьмітра ля кватэры акружылі некалькі людзей у цывільным, заламалі рукі, вывелі на вуліцу й запхнулі ў "бусік". У Зьмітра забралі асабістыя рэчы, апранулі на галаву дзьве шапкі, некалькі гадзін вазілі ў машыне, пасьля пакінулі ў лесе пад Лагойскам.
Прыклад па выкраданьню Дзяніса Карнова й Насты Палажанкі, якія нават апазналі злачынцу, сьведчыць: пры цяперашнім рэжыме міліцэйскія структуры ня могуць падобныя справы давесьці да канца.
Дзяніса й Насту год таму 25 сакавіка невядомыя вывезьлі ў лес. Пазьней маладафронтаўцы апазналі супрацоўніка "Алмазу" Леаненка Аляксандра, які спрычыніўся да іхняга выкраданьня. Міліцыя ж нават ня здолела выклікаць яго на допыт, ня гледзячы на вядомыя дадзеныя — прозьвішча й месца працы.
"Усё гэта захаваецца для гісторыі й атрымае працяг у хуткім часе, пры іншай уладзе" — упэўнены Зьміцер Дашкевіч.