Валянцін Стэфановіч: “Гэта вельмі пашыраная практыка супрацоўнікаў міліцыі. Калі яны разумеюць, што зьдзейсьнілі незаконнае затрыманьне, то пачынаюць “выходзіць з сітуацыі” – складаць пратакол па Арт.156. (дробнае хуліганства)”
У Савецкім РУУС г. Мінска ў адносінах каардынатара Моладзі БНФ Алеся Каліты, затрыманага за распаўсюд “Народнай Волі”, склалі пратакол па Арт.156 КаАП (дробнае хуліганства). Пры гэтым Алесь Каліта дастаўлены з міліцыі на “хуткай дапамозе” ў лякарню, дзе яму аказваюць медыцынскую дапамогу пасьля зьбіцьця пры затрыманьні.
“У выпадку з Алесем Калітой затрыманьне абсалютна незаконнае, бо “Народная Воля” – афіцыйна зарэгістраваная газета, і ніхто не прымаў рашэньняў пра забарону яе распаўсюду. – Гаворыць Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, -- І калі супрацоўнік міліцыі (у дадзеным выпадку ён адзін) затрымаў і пашкодзіў руку Каліце, то пасьля яго калегі зразумелі, што зьдзейсьніў незаконное дзеяньне і вырашылі скласьці пратакол па АРТ. 156 КаАП – дробнае хуліганства.
Гэта вельмі пашыраная практыка супрацоўнікаў міліцыі. Калі яны бачаць, што затрымаць няма за што, альбо разумеюць, што зьдзейсьнілі незаконнае затрыманьне, тады яны пачынаюць “выходзіць з сітуацыі” – складаць пратакол па Арт.156. (дробнае хуліганства). Як паказвае практыка, пасьля ў судовым парадку вельмі цяжка аспрэчваць пратакол і рапарта супрацоўнікаў міліцыі, складзеныя паводле гэтага артыкулу. Некалькі супрацуоўнікаў міліцыі напішуць, што чулі, як “правапарушальнік” лаяўся матам у адрас супрацоўнікаў міліцыі. А чалавек быў адзін і сьведкаў у яго няма. Адпаведна суд прымае рашэньне на падставе сьведчаньняў супрацоўнікаў міліцыі”.