Светлагорск: ліцэй хімікаў традыцыйна вылучае сваіх кандыдатаў
Светлагорскі ліцэй хімікаў вылучыў кандыдатаў у Гомельскі абласны і раённы Саветы дэпутатаў па Першамайскай выбарчай акрузе.
Паводле інфармацыі мясцовай газеты «Ранак», працоўныя калектывы ліцэю хімікаў і школы-інтэрнату аднагалосна прагаласавалі за вылучэнне Галіны Філіповіч, якая зараз з'яўляецца старшынёй раённага Савета дэпутатаў, кандыдатам у Гомельскі абласны Савет. Таксама па Першамайскай акрузе мае намер балатавацца сябра АГП Таццяна Наскова. Пры ўмове рэгістрацыі яна будзе канкурэнтам дзейснай старшыні райсавета.
Дарэчы, на мясцовых выбарах 2007 году гэты ж ліцэй вылучаў у аблсавет сваю выкладчыцу Галіну Гарчанок, якая стала дэпутатам.
У Светлагорску таксама маюць намер балатавацца ў аблсавет сябры партыі левых «Справядлівы свет», АГП і БНФ. У раёне створаны 4 акругі па выбарах дэпутатаў абласнога Савета.
У раённы Савет ліцэй хімікаў вылучыў свайго дырэктара Мікалая Чарнейку.
Як піша «Ранак», у раёне ўтвораны 40 выбарчых акругаў па выбарах у раённы Савет з сярэдняй колькасцю выбаршчыкаў 1 671 чалавек. «У выніку мінулагодняй аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання сельскіх Саветаў у Светлагорскім раёне стала на 39 выбарчых акругаў менш», - паведамляе выданне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”