viasna on patreon

Магілёў: Прэзідыумы раённых адміністрацый зацвердзілі склад участковых камісій тайком

2010 2010-03-09T16:27:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністрацыі Ленінскага і Кастрычніцкага райвыканкамаў г. Магілёва стаілі дату правядзення пасяджэнняў сваіх Прэзідыумаў, дзе адбылося зацвярджэнне складу  ўчастковых выбарчых камісій. Пра гэта паведамляюць магілёўскія праваабаронцы і прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый.

“У пятніцу мы настойліва тэлефанавалі з мэтай дазнацца, калі ж адбудуцца пасяджэнні прэзідыумаў мясцовых райвыканкамаў, а нам адказвалі, што пакуль ніхто нічога не ведае, - гаворыць каардынатар выбарчай кампаніі Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрый Новікаў. - А сёння з раніцы нам паведамі аб тым, што пасяджэнні ўжо адбыліся. У выніку ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і партый не здолеў на іх патрапіць”.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што яму таксама не далі такую інфармацыю.

“У пятніцу я занёс пратаколы па вылучэнні нашых прадстаўнікоў у склад участковых камісій у адміністрацыі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў г.Магілёва. Там я запытаў, калі адбудзецца пасяджэнне па зацвярджэнні складу камісій, і мне адказалі, што “пакуль невядома”. Сяння ж а  восьмай раніцы я патэлефанаваў у адміністрацыю Кастрычніцкага райвыканкама, каб дазнацца, калі ўсё ж адбудзецца пасяджэнне, а мне сказалі, што яно ўжо адбылося. Тое самае мне паведамілі і ў адміністрацыі Ленінскага раёна”, - гаворыць праваабаронца.

Нагадаем, што дэмакраты Магілёўшчыны вылучылі ў склад участковых камісій 60 чалавек. Гэта прадстаўнікі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, арганізацыі БНФ “Адраджэнне”, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Свабоднага прафсаюза Беларускага і Магілёўскага праваабарончага цэнтра. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства