Віцебшчына: Квота прадстаўнікоў партый і арганізацый у камісіях заканчвалася на дэмакратах
Грамадскія структуры Віцебшчыны працягваюць аналізаваць вынікі фармавання ўчастковых выбарчых камісій. Віцебскія актывісты БХД вылучылі 9 прадстаўнікоў у якасці кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій, але толькі 2 сяброў ад гэтай палітычнай структуры будуць працаваць ва ўчастковых камісіях - па адным у гарадах Глыбокае і Паставы. Астатнія 7 актывістаў БХД (4 у Віцебску і 3 у Оршы), сярод якіх каардынатар па стварэнні БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец і сустаршыня партыі Павел Севярынец, у камісіі не патрапілі.
У Верхнядзвінску мясцовае няўрадавае грамадскае аб'яднанне “Сям'я” вылучыла ў склад участковых камісій 16 сяброў, 8 з якіх былі ўключаныя ў камісіі (2 будуць працаваць ва ўчастковых камісіях, размешчаных у горадзе Верхнядзвінску, а 6 у камісіях, размешчаных у сельскай мясцовасці).
Няўрадавая абласная грамадская структура “Самакіраванне і грамадства”, якая вылучыла 9 сваіх прадстаўнікоў у якасці кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі, маюць у выніку 1 свайго прадстаўніка ў камісіі пасёлка Езярышча Гарадокскага раёна. Ні ў Верхнядзвінску, ні ў Гарадку, ні ў Наваполацку, ні ў Оршы і Віцебску ніхто не патрапіў ва УВК, у тым ліку і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.
Прычыны, якімі аргументавалі сваю адмову прадстаўнікам грамадскасці ў выканкамах, не адрозніваюцца асаблівай арыгінальнасцю і разнастайнасцю. Часцей за ўсё прычынай адмовы з'яўлялася адсутнасць у кандыдатаў неабходнага досведу, альбо асабістыя якасці, як напрыклад у Леаніда Гаравога з г. Гарадок, якога мясцовыя чыноўнікі лічаць злосным суцяжнікам.
Акрамя таго, яшчэ адна распаўсюджаная прычына адмовы складалася ў тым, што нібы квота для прадстаўнікоў ад грамадскіх структур у выбарчых камісіях вычарпаная, і заканчвалася яна чамусьці менавіта на кандыдаце ад апазіцыйных партый або няўрадавай арганізацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”