Алесь Бяляцкі: Справаздача Дзярждэпартамента ЗША вызначаецца падрабязнасьцю і аб’ектыўнасьцю
11 сакавіка дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Вельмі крытычныя ацэнкі ўтрымлівае разьдзел, прысьвечаны стану правоў чалавека ў Беларусі. Гэтыя высновы каментуе старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:
Танальнасць чарговай справаздачы Дзрждэпартаменту ЗША датычна Беларусі моцна не адрозніваецца ад папярэдніх, паколькі на працягу апошніх 10-12 гадоў рэгулярна агучваліся рэзка крытычныя ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Як заўсёды гэтая справаздача вызначаецца падрабязнасьцю і аб’ектыўнасьцю асьвятленьня разнастайных бакоў грамадска-палітычнага жыцця і стану асноўных правоў беларускіх грамадзянаў.
Справаздача, на жаль, вызначае, што сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне ў лепшы бок не мяняецца, і гэта падцвярджаецца шматлікімі фактамі. У справаздачы адзначаюцца асноўныя тэндэнцыя мінулага году, а гэта – выкраданьні і вывазы моладзевых актывістаў у невядомым накірунку прадстаўнікамі спецслужбаў, згадваюцца крымінальныя палітычныя працэсы. Дадзеная ацэнка жорсткім разгонам акцый у Менску, а менавіта пратэсту супраць беларуска-расійскіх вучэнняў у верасні 2009 года, штомесячным акцыям на Дні салідарнасьці, пераслед і выгнаньне з вучобы грамадска актыўных студэнтаў, у прыватнасьці Тацяны Шапуцька, пераслед за карыстаньне беларускай мовай.
Сапраўды справаздача – вельмі сур’ёзны званок для беларускіх уладаў, паколькі гэтым дакументам карыстаюцца шматлікія чыноўнікі пры фарміраваньні светапоглядаў, тактык і стратэгій ў дачыненні да Беларусі як у ЗША, так і ў і Еўропе, дзеля таго, каб ацаніць магчымыя рызыкі пры ўзаемастасунках розных краін з Беларуссю. Даводзіцца, на жаль, канстатаваць, што мы не выбраліся з чорнага спісу краін, дзе сітуацыя з правамі чалавека застаецца найгоршай.
Хачу адзначыць, што ў справаздачы некалькі разоў згадваецца і праваабарончы цэнтр “Вясна”. У першую чаргу гэта тычыцца падрыхтоўкі экспертамі “Вясны” сумеснага дакладу з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека (FIDH) па ўмовах утрыманьня ў зняволеньні і цытуюцца галоўныя высновы гэтай місіі.
Асобна ў дакуменце таксама адзначаны і спробы “Вясны” атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю і , безумоўна, акрэсленая сітуацыя з няўрадавымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі, якія неаднаразова спрабавалі зарэгістравацца ў 2009 годзе. Усё гэта сведчыць аб грубых парушэньнях права на асацыяцыі ў Беларусі.