Віцебшчына: Калектывы вылучаюць у дэпутаты начальнікаў
На Віцебшчыне працягваецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Традыцыйна мясцовыя чыноўнікі і начальнікі не гараць асаблівым жаданнем вылучацца праз рэгістрацыю ініцыятыўных груп для збору подпісаў. Каб стаць кандыдатам у дэпутаты, неабходна ўсяго толькі задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс і лёгка, пры “аднагалосным” жаданні працоўнага калектыва, зрабіць крок да жаданага дэпутацкага мандата. У абласным цэнтры гэты спосаб найболіш распаўсюджаны ў бягучай выбарчай кампаніі. Вось апошнія факты, якія пацвярджаюць гэта назіранне.
Калектыў віцебскай сярэдняй школы №11 вылучыў дзеючага старшыню Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў кандыдатам у дэпутаты 26 склікання па Хмяльніцкай выбарчай акрузе №6.
Працоўны калектыў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта вылучыў кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў па Праўдзінскай выбарчай акрузе №48 дырэктара ДРУП “Дзяржбудэкспертыза” па Віцебскай вобласці Мікалая Каневалава. На гэтым жа сходзе пуцёўку ў дэпутаты Віцебскага гарсавета атрымаў па Тэхналагічнай выбарчай акрузе №9 прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай працы дадзенага ВНУ Аляксей Шут.
На канферэнцыі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ў Віцебскі абласны Савета дэпутатаў аднагалосна вылучылі дырэктара Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Аляксандра Цяцоху і ў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў дырэктара РУПП “Белвіцуніфарм” Алега Маркушава.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”