Беспрэцэдэнтны выпадак у Свіслачы: зацверджаныя ў камісіі сябры БСДГ выведзены з іх складу
Беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі выбарчага працэсу зафіксаваны ў раённым цэнтры Свіслач, што на Гарадзеншчыне. Партыя БСДГ вылучыла ў участковыя камісіі 4-х сваіх сябраў – Мікалая Лукшу, Міхаіла Казака, Аляксандра Палубінскага і Дзмітрыя Бузука, яшчэ трох мясцовых грамадска-палітычных актывістаў вылучаліся шляхам збору подпісаў і падавання адпаведнай заявы.
На паседжанне адміністрацыі Свіслацкага райвыканкаму Гарадзенскай абласной арганізацыяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады быў накіраваны яе прадстаўнік Віктар Дзесяцік, які 9 сакавіка прысутнічаў на паседжанні адміністрацыі, калі фармаваліся склады ўчастковых камісій. Падчас паседжання прозвішчы сяброў камісіі не агучваліся, аднак афіцыйна было заяўлена, што ўсе вылучаныя ўвайшлі ў іх склад, за выняткам двух асобаў, якія раней мелі судзімасці. У наступныя дні вылучаным партыйцам і грамадска-палітычным актывістам тэлефанавалі з выканкаму і паведамлялі пра тое, што яны ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій.
Афіцыйна надрукаваныя склады ўчастковых камісій выйшлі толькі 13 сакавіка ў мясцовай раённай “Свіслацкай газеце”. Аднак, нікога з 7 прадстаўнікоў БСДГ і вылучаных грамадс-палітычных актывістаў у складах камісій няма.
Незалежныя назіральнікі дапускаюць версію, што такі абсурд мог здарыцца ў выніку таго, што калі стала вядома пра рашэнне Свіслацкай адміністрацыі, у справу маглі ўмяшацца абласныя ўлады ці нейкія іншыя службы. У выніку адбылася “элегантная зачыстка” прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”