viasna on patreon

"Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій

2010 2010-03-15T17:32:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У адпаведнасці з арт. 34 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь (ВК) ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ўтвараюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем — мясцовымі адміністрацыямі ў складзе 5—19 членаў камісіі не пазней чым за 45 дзён да выбараў. Пры неабходнасці склад участковай камісіі можа быць павялічаны або паменшаны.

Органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной траціны яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Гэта палажэнне не прымяняецца пры фарміраванні ўчастковых камісій, якія ўтвараюцца ў бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, а таксама за межамі Рэспублікі Беларусь.

У склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш адной траціны складу камісіі. Гэта палажэнне не прымяняецца пры ўтварэнні ўчастковых камісій за межамі Рэспублікі Беларусь.

Вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі маюць права палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы арганізацый з ліку сваіх членаў, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы. Разам з тым, назіральнікамі адзначаны выпадкі аказання ціску на прэтэндэнтаў, вылучаных у склад участковых камісій. Наталля Карпава, працаўніца Бабруйскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне” была ўключана ў спісы на ўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі. 10 сакавіка Н. Карпавай і яе начальніку патэлефанавала намесніца старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана Носава і запатрабавала пад пагрозай звальнення іх з працы, каб Н. Карпава зняла сваю кандыдатуру. Н. Карпава і мясцовая актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таісія Кабанчук прыбылі ў аддзел па ідэалогіі адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска да Святланы Бабко, і та ў прысутнасці Т. Кабанчук прапанавала Н.Карпавай зняць сваю кандыдатуру на ўключэнне ва ўчастковую камісію. Паколькі Н. Карпавай да пенсіі застаецца тры гады, пасля таго як яе папярэдзілі аб магчымых праблемах з працоўнай дзейнасцю, яна была вымушана адмовіцца ад свайго ўдзелу ў выбарах у якасці члена ўчастковай камісіі.

Аналагічныя выпадкі адзначаны назіральнікамі ў тым жа Бабруйску. Двум прадстаўнікам дэмакратычных сілаў з-за ціску давялося забраць свае заявы на вылучэнне ва ўчастковыя камісіі. Яўген Герасімовіч, слесар ААТ “Белшына”, быў вымушаны адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах з-за ціску на яго з боку адміністрацыі завода. А навучэнец Установы адукацыі “Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву” Мікіта Увараў адмовіўся ад вылучэння ў склад камісіі з-за недвухсэнсоўнага патрабавання кіраўніцтва ўстановы.

 

Вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій

Згодна з календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць шостага склікання вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых камісій і прадстаўленне дакументаў аб вылучэнні павінна быць завершана не пазней за 7 сакавіка ўключна, а рашэнні аб утварэнні участковых выбарчых камісій павінны быць прынятыя выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі адміністрацыямі не пазней за 10 сакавіка.

Па інфармацыі сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, у склад участковых выбарчых камісій вылучаны 77241 чалавек. Больш за ўсё прадстаўнікоў – 31015, вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заявы, што складае 40,2% ад агульнай колькасці вылучаных, грамадскія аб'яднанні вылучылі 28841 прадстаўніка (37,3%), працоўныя калектывы — 17385 (22,5%).

Палітычныя партыі вылучылі 2212 сваіх прадстаўнікоў, або 2,9% ад агульнай колькасці вылучаных. З іх апазіцыйнымі палітычнымі партыямі вылучана 604 прадстаўнікі, што склала 0,8% ад агульнай колькасці вылучаных.

Больш за ўсё прадстаўнікоў у склад УВК вылучыла Камуністычная партыя Беларусі — 516 чалавек. Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя вылучыла 434 чалавека, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 358, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 281, Беларуская партыя левых “Справядлівы Свет” — 160, Беларуская аграрная партыя — 132, Партыя БНФ — 122, Ліберальна-дэмакратычная партыя — 95 , Рэспубліканская партыя — 73, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 24, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — 9, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ — 8.

З грамадскіх аб'яднанняў у склад участковых камісій 3440 сваіх прадстаўнікоў высунула РГА “Белая Русь”, 4101 — РГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, 3787 — Беларускі саюз жанчын, 2247 — Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, 9370 — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Назіральнікі адзначаюць, што ў цэлым падчас вылучэння ў склад УВК усе зацікаўленыя мелі магчымасць падаць адпаведныя дакументы. Аднак у некаторых рэгіёнах адзначаны выпадкі адмоваў у прыёме дакументаў. Так, 6 сакавіка віцебскаму каардынатару руху «За Свабоду» Хрыстафору Жэляпаву дзяжурны супрацоўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска адмовіў ў прыёме дакументаў аб вылучэнні. Кіраўнік справамі адміністрацыі паведаміла, што ў дзяржаўным установе выхадны дзень, і прыстрашыла выклікаць міліцыю. Х. Жэляпаў накіраваў скаргу аб парушэнні выбарчага заканадаўства ў Цэнтральную выбарчую камісію.

У раённым цэнтры Масты Гродзенскай вобласці мясцовы выканкам вывесіў аб'яву аб тым, што 6 і 7 сакавіка працаваць не будзе.

 

Правядзенне пасяджэнняў мясцовых выканаўчых органаў па фарміраванні ўчастковых камісій

З 9 па 10 сакавіка адбыліся пасяджэння выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый, на якіх сябрамі ўчастковых камісій зацверджаны 68881 чалавек, ці 89,2% ад колькасці вылучаных. Найбольшы працэнт ўключэння ў камісіі (88,3%) адзначаны ў прадстаўнікоў працоўных калектываў: усяго па рэспубліцы ўключаны 15345 іх прадстаўнікоў. Таксама у склад камісіі ўключаны 26731 прадстаўнік грамадзян, якія вылучаюцца ў склад камісій шляхам падачы заяў, што склала 86,2% ад колькасці вылучаных, 25233 прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў (87,5%) і 1572 прадстаўнікі палітычных партый (71,1%), у тым ліку 76 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый (12,6% ад колькасці вылучаных).

Адзначым, што на прэс-канферэнцыі Аб'яднаных дэмакратычных сіл па выніках фармавання ўчастковых камісій была агучаная інфармацыя аб 100 уключаных прадстаўніках апазіцыйных партый, тады як ЦВК агучана лічба ў 76 чалавек. Трэба разумець, што астатнія 24 з 100 вылучаліся шляхам падачы заяў грамадзян.

Такім чынам, па выніках фарміравання ўсіх участковых камісіяў доля апазіцыйных палітычных партый у складзе участковых камісій склала ў цэлым па рэспубліцы 0,1%. Варта адзначыць, што ў параўнанні з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2008 года, на якіх у склад участковых камісій уключаны 48 прадстаўнікоў з 1515, якія вылучаліся, ці 0,07%, працэнт ўключэння прадстаўнікоў апазіцыйных партый на мясцовых выбарах 2010 г. павялічыўся амаль у паўтары разы.

Каментуючы нізкую ступень уключэння ў склад участковых камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый, М. Лазавік адзначыў, што яны “вылучалі часам ледзь не ўвесь наяўны склад, не думаючы, ці змогуць людзі якасна працаваць у камісіях”. “Пагоня за колькасцю не заўсёды забяспечваецца якасцю”, — падкрэсліў ён.

Паводле паведамленняў назіральнікаў, пасяджэнні мясцовых адміністрацый праходзілі закрыта і таемна. Адзінкавыя запрашэнні прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў можна лічыць хутчэй выключэннем, чым правілам. Большасці назіральнікаў, негледзячы на адпаведныя пісьмовыя і вусныя хадайніцтва, было адмоўлена ў прадстаўленні інфармацыі пра дату і час правядзення пасяджэнняў выканкамаў па фарміраванні ўчастковых камісій. Гэтую інфармацыю назіральнікам даводзілася даведвацца па розных неафіцыйных каналах.

Адзначаны выпадкі забароны наведвання пасяджэнняў мясцовых выканкамаў па фарміраванні камісій. У Салігорску супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Салігорскага райвыканкама затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Аляксея Валабуева Іван Шыла. Актывіст меў намер прысутнічаць на пасяджэнні выканкама, на якім фармаваліся ўчастковыя камісіі. У адну з камісій І. Шыла разам з трыма іншымі актывістамі вылучаўся ад грамадзян шляхам падачы заявы. Актывісты накіравалі пісьмовыя заявы з просьбай паведаміць пра дату і час правядзення пасяджэння, аднак адказу не атрымалі. 10 сакавіка І. Шыла паспрабаваў атрымаць неабходную інфармацыю ў выканкаме. Намеснік старшыні выканкама Анатоль Казакевіч праігнараваў яго просьбу, а ў прыёмнай старшыні паведамілі, што пасяджэнне пачынаецца. І. Шыла накіраваўся ва ўказаны кабінет, аднак кіраўнік выканкама Аляксандр Рымашэўскі патлумачыщ, што дадзенае пасяджэнне з выбарамі не звязана. На выхадзе з кабінета актывіста затрымалі супрацоўнікі міліцыі для высвятлення асобы, патлумачыўшы, што затрыманне звязанае з вывешанай ў Салігорску расцяжкай. Як толькі пасяджэнне выканкама скончылася, І.Шылу адпусцілі.

Назіральнікі, якім удалося патрапіць на паседжанні, адзначаюць, што пасяджэнні праходзілі аператыўна, як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі. Па паведамленні назіральніка Сяргея Гоўшы, на працягу 5 хвілін на пасяджэнні Баранавіцкага гарвыканкама было зацверджана 66 складаў участковых камісіі ў агульнай колькасці 685 сяброў.

Галасаванне адбывалася па загадзя падрыхтаваным спісе, абмеркавання кандыдатур не адбывалася. На большасці пасяджэнняў выканкамаў чыноўнікамі падкрэслівалася, што ўлічана новая норма ВК, згодна з якой  колькасць дзяржаўных служачых у складзе камісіі не павінна перавышаць адной траціны.

На практыцы крытэрыямі ўключэння вылучаных прадстаўнікоў у склад камісій з'яўляліся вопыт працы на папярэдніх выбарах, наяўнасць вышэйшай адукацыі. Па паведамленні назіральніка Рамана Юргеля, кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна ў якасці крытэрыяў адбору названы: «вопыт працы ў УВК, уменне працаваць у калектыве, веданне выбарчага заканадаўства, маральныя якасці, адсутнасць фактаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці». Аднак многім прадстаўнікам апазыцыйных палітычных партый і грамадскім актывістам было адмоўлена ва ўключэнні ў камісіі  нават, негледзячы на наяўнасць вялікага вопыту работы ў якасці дэпутатаў, членаў выбарчых камісій рознага ўзроўню, юрыдычнай адукацыі. Так, ва ўключэнні ў склад участковых камісій было адмоўлена Лявону Баршчэўскаму, Юрыю Хадыку, Валянціне Свяцкай, Уладзіміру Лабковічу, Юрыю Чавусаву і іншым.  

Назіральнікі адзначалі  вельмі арыгінальныя падставы для адмовы ва ўключэнні ў склад участковых камісій. Так, кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска Сяргей Цеплякоў на пытанне грамадскай актывісткі Алены Мядзведзевай аб тым, чаму яе не ўключылі ва ўчастковую камісію, адказаў, што яна позна падала дакументы (Алена падала дакументы 7 сакавіка, у апошні дзень падачы дакументаў аб вылучэнні), а адміністрацыя аддала перавагу тым прадстаўнікам, якія падалі заяву 5 сакавіка.

Пад рознымі падставамі назіральнікам і прадстаўнікам апазіцыйных палітычных партый, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій, было адмоўлена ў магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння (заявамі і пратаколамі аб вылучэнні) і атрымаць спісы зацверджаных членаў камісіі.

 

Абскарджанне рашэнняў мясцовых адміністрацый аб фарміраванні камісій

11 сакавіка ў суд Партызанскага раёна Мінска накіравана скарга Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ на рашэнне адміністрацыі Партызанскага раёна па фарміраванні ўчастковых камісій. У скарзе адзначаецца, што з 12 вылучаных партыяй прадстаўнікоў у склад камісій уключаны толькі адзін.

12 сакавіка старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі падаў скаргу ў суд Маскоўскага раёна Брэста на рашэнне адміністрацыі аб фарміраванні ўчастковых камісій. Падставай для абскарджання паслужылі адмовы 11 з 13 прадстаўнікоў партыі ва ўключэнні ў склад участковых камісій.

 

Высновы:

 

1. Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій характарызавалася меншай празрыстасцю, чым фарміраванне тэрытарыяльных і акруговых камісій. Пасяджэння мясцовых адміністрацый праходзілі пераважна закрыта і таемна.

2. Як і пры фарміраванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій галасаванне па кандыдатах на ўключэнне ў склад участковых камісій праходзіла па спісе, абмеркавання кандыдатур не адбывалася.

3. Адзначаны выпадкі ціску на грамадзян, вылучаных у склад камісій.

4. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі доля апазіцыйных палітычных партый у складах участковых выбарчых камісій нязначна павялічылася, але працягвае заставацца мінімальнай (0,11%).

 

                Звесткі аб складзе участковых выбарчых камісій па Рэспубліцы Беларусь

 

 

 

вылучана

% ад колькасці
вылучаных

уключана

% ад колькасці
вылучаных

Усіх

77241

100

68881

89,2

100

ад грамадзян шляхам падачы заяваў

31015

40,2

26731

86,2

38,8

ад працоўных калектываў

17385

22,5

15345

88,3

22,3

ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў

31053

40,2

26805

86,3

38,9

у тым ліку:

ад грамадскіх аб’яднанняў

28841

37,3

25233

87,5

36,6

ад палітычных партый

2212

2,9

1572

71,1

2,3

з іх:

ад апазіцыйных палітычных партый

604

0,8

76

12,6

0,11

БПЛ «Справядлівы свет»

160

0,2

31

19,4

0,05

БСДП (Грамада)

24

0,03

5

20,8

0,01

АГП

281

0,4

23

8,2

0,03

Партыя БНФ

122

0,2

17

13,9

0,02

КХП БНФ

8

0,01

0

0

0

БСДГ

9

0,01

0

0

0

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства