Баранавічы: Гарвыканкам унёс змены ў рашэнне пра месцы для агітацыі, але пытанні па-ранейшаму засталіся
Баранавіцкі гарвыканкам усё ж унёс змены ў сваё рашэнне ад 12.02.2010 № 379 “Аб вызначэнні месцаў у горадзе Баранавічы для правядзення агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і Брэсцкага абласнога Саветаў дэпутатаў і месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтаю збору подпісаў выбаршчыкаў”. Гэтае рашэнне надрукавала дзяржаўная газета “Наш край”.
Пры гэтым газета не называе дату, калі адбылося пасяджэнне гарвыканкама, а ў самім рашэнні не гаворыцца, на якой падставе і чаму ўносяцца змены ў папярэдняе рашэнне гарвыканкама. Афіцыйная газета не распавяла чытачам пра тое, што менавіта назіральнік Сяргей Гоўша і дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты неаднаразова скардзіліся ў пракуратуру, а таксама быў накіраваны зварот у Цэнтральную камісію ад партыі БНФ па гэтым пытанні, пра неканстытуцыйнасць рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 12.02.2010 года № 379.
Паводле ранейшага рашэння адзіным месцам для агітацыі быў толькі стары парк імя 50-годдзя УЛКСМ з боку вуліцы Царука. Цяпер плошча агітацыі павялічылася на 50%! – “агітаваць” можна на тэрыторыі ўсяго парку з боку вуліцы Камсамольскай і дадаткова ў скверы імя Сцяпанішчава па вуліцы Кірава. Праўда, і ў новым рашэнні не абышлося без недарэчнасцяў. Справа ў тым, што на вуліцы Камсамольскай знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад другога аж два паркі, стары і малады, а агітаваць можна толькі ў адным. Ужо новае рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама выклікае пытанні ў мяркуемых кандыдатаў у дэпутаты: на двух акругах агітаваць дазволена, а дзе ж агітаваць кандыдатам у дэпутаты на астатніх 34-ох акругах? Пытаюцца не безпадстаўна, бо ў новым рашэнні гарвыканкама гаворыцца, што адказныя за грамадскі парадак асобы (супрацоўнікі міліцыі) маюць права складаць пратаколы аб адміністратыўных парушэннях і павінны прыняць меры па прадухіленні мерапрыемстваў па агітацыі ў нявызначаных месцах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”