viasna on patreon

У Віцебскай вобласці каля 90% акругаў будуць безальтэрнатыўнымі

2010 2010-03-17T18:02:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віцебскай вобласці павінна быць абрана 3 530 дэпутатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. Дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі падалі 3 820 чалавек, гэта значыць на кожны дэпутацкі мандат на цяперашні момант прыходзіцца 1,09 прэтэндэнта. Ужо да рэгістрацыі кандыдатаў можна казаць пра тое, што, сама меней, у 90% выбарчых акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

З агульнага ліку прэтэндэнтаў на кандыдацтва 45,4% - жанчыны, а 6,5% (248 чалавек) - маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў. У дэпутаты мясцовых Саветаў у Віцебскай вобласці таксама прэтэндуюць чатыры грамадзяніна Расійскай Федэрацыі.

Палітычныя партыі Віцебшчыны рознымі спосабамі (зборам подпісаў і/ці праз партыйныя структуры) вылучылі кандыдатамі каля 70 сваіх прадстаўнікоў, што складае меней за 2% ад агульнага ліку прэтэндэнтаў. Гэта актывісты зарэгістраваных у рэгіёне  Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, Партыі БНФ, КПБ, БСДП (Грамада) і праходзячых рэгістрацыю партый БХД і БСДП НГ.

Сярод вядомых асобаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, можна адзначыць кіраўнікоў абласных палітычных і грамадскіх структур: Хрыстафора Жэляпава (Рух "За Свабоду"), Кастуся Смолікава (Партыя БНФ), Аляксея Гаўруцікава (адзін з ініцыятараў адраджэння ў краіне  БСДП НГ), Вольгу Карач (АГП). Усе яны маюць намер балатавацца ў Віцебскі абласны і/ці Віцебскі гарадскі Саветы дэпутатаў. Адзінкі апазіцыйных палітыкаў вылучаліся кандыдатамі ў сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў.

Да працэсу рэгістрацыі не дайшоў шэраг партыйцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Так, з-за пагрозы звальнення  з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і ўстановаў не падалі дакументы на рэгістрацыю ў г. Навалукомль (Чашніцкі  раён Віцебскай вобласці) актывісты БХД Міхась Валасач і Святлана Сівец. Маладафронтавец Андрусь Цянюта, які праходзіць вайсковую службу ў паветрана-дэсантнай брыгадзе ў г.Віцебску, па віне камандавання часткі не змог зарэгістраваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў. Па гэтым інцыдэнце моладзевы актывіст падаў скаргу ў пракуратуру. Шэраг маладых партыйцаў не змаглі арганізаваць працу сябраў ініцыятыўных групаў і па гэтай прычыне не сабралі дастатковую колькасць подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.   

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства